Безбар’ернае асяроддзе – не галоўнае. У Гродне аднавілі сустрэчы інтэграцыйнага клуба “1+1”
На першае паседжанне 6 красавіка, якое было прысвечана бліжэйшым планам клуба, прыйшлі валанцёры iнiцыятывы, сярод якiх людзі з інваліднасцю і члены гродзенскіх праваслаўных брацтваў. Амаль усе тут адзін аднаго ведаюць. Пазнаёміліся яны на iншых інтэграцыйных сустрэчах або ў летнім інтэграцыйным лагеры “Круглае возера”, які праводзіць арганізацыя “Розныя-Роўныя”.
Клуб “1+1” арганізавала ў 2013 годзе ініцыятыва “Крок насустрач”. Сама ж яна дзейнічае з 2009 года. Найбольш актыўныя ўдзельніцы – Ганна Яшына і Алена Маркевіч. “Мы з’явiлiся дзякуючы “Розным-Роўным” і цяпер абапіраемся на іх ідэі”, – распавядаюць дзяўчыны.
Дагэтуль у дзейнасці быў перапынак, бо актывісты надавалі больш увагі іншым праектам. Напрыклад, займаліся вывучэннем безбар’ернага асяроддзя ў Гродне і зрабілі шмат для яго паляпшэння. А сёлета аднавіць сустрэч прапанавала валанцёрка Таццяна Рыжкова.
Спачатку на сустрэчах людзі збіраліся ў асноўным каб паглядзець і абмеркаваць фільмы. Кінапрагляды адбывалicя ў чыёйсці кватэры, зараз жа фармат змянілі і знайшлі асобнае памяшканне. Сустрэчы будуць праходзіць адзін-два разы ў месяц. Моладзь хоча збірацца, бо “разам можна больш зрабіць, вырашыць больш праблем і разам весялей тусіць”.
– Мы хочам казаць пра рэчы, пра якія мала хто кажа. Напрыклад, ці часта вы чуеце пра сэкс і людзей з інваліднасцю? Альбо пра тыя цяжкасцi, з якімі сутыкаемся ўсе мы ў працэсе інтэграцыі (зараз ужо больш модна казаць пра інклюзію). Усе ведаюць, як гэта складана для тых, у каго ёсць нейкiя абмежаваннi, але і здаровым тут не нашмат прасцей. Важна памятаць пра кожнага. Таму некаторым часам здаецца, што мы занадта жорсткія, – кажа Аня, адна з заснавальніц ініцыятывы “Крок насустрач”.
Абмеркаванне пачынаецца з дыскуссіі. Наведвальнікі спрачаюцца нават у тэрміналогіі. Кагосьці абражае слова “інвалід”, кагосьці – “чалавек з інваліднасцю”. Жэня цвёрда перакананы, што яго павінны называць толькі “чалавек з асаблівасцямі”. Большасці ж усё роўна, як іх будуць называць, бо сутнасць ад гэтага не змяняецца, як кажуць яны.
Са слоў наведвальнікаў вынікала, што праблема пасіўнасці бярэцца з дзяцінства і, у прыватнасці, ад бацькоў.
– Бацькі мне рэдка дазвалялі рабіць нешта самастойна. Часта з мяне смяяліся і прыніжалі, – дзеліцца сваім болем удзельнік клуба. Зараз ён жыве самастойна, без бацькоў.
Кацю сюды літаральна на руках прынёс жаніх Лёша. Ён пагаджаецца: часта прасцей гатаваць ежу самому, бо чалавек з абмежаванымі магчымасцямі будзе рабіць гэта даўжэй і, магчыма, горш. Але часам трэба дазволіць яму зрабіць нешта самастойна.
Шмат казалі валанцёры і пра моду. Мода – адна з магчымых тэмаў, на якія прануюць зняць ролік. Людзі з інваліднасцю таксама могуць прыгожа апранацца і павінны сачыць за асабістай гігіенай, лічаць наведвальнікі. Зноў жа, у недагледжанасці людзей з асаблівасцямі ёсць віна бацькоў, кажуць яны.
– У мяне ёсць знаёмая з інваліднасцю, якая хацела залатыя завушніцы. А маці кажа: “Навошта яны ёй, яна нікуды не выходзіць”. Накупіць маек у сэканд-хэндзе – і хопіць, – расказвае гicторыю адна з валанцёрак.
На гэтыя тэмы члены клубу збіраюцца зняць ролік ці дакументальны фільм. У іх ужо ёсць відэааператар і прыкладныя ідэі.
Летась шмат намаганняў маладыя людзi прысвяцілi безбар’ернаму асяроддзю. Дзякуючы ім палепшылася даступнасць тэрыторыі каля кінатэатра “Кастрычнік”, з’явіліся пандусы каля ўніверсама “Кастрычніцкі”, сталі лепшымі пандусы ў “Доме сувязі”. Валанцёры пісалі лісты прадпрыемствам, дзе пандусы былі ўсталяваныя нязручна ці іх увогуле не было, і прымацоўвалі станоўчы прыклад.
Цікава, што дырэктары і непасрэдныя начальнікі заўсёды адказвалі і ішлі насустрач. А ў тых выпадках, дзе праблему было неабходна вырашаць на больш высокім узроунi, адказаў часцей за ўсё было не дачакацца.
Але безбар’ернае асяроддзе – не галоўная праблема, лічаць члены клубу. Найперш трэба змагацца са стэрэатыпамі і пасіўнасцю людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Сустрэчы праходзяць пры падтрымцы Гродзенскага дабрачыннага таварыства. Памяшканне прадаставіў айцец Георгій, настаяцель Свята-Пакроўскага сабора. А настольныя гульні – крама-клуб “Кубік”. Клуб выказвае ім удзячнасць і запрашае новых удзельнікаў.