Гарадзенскі бард зрабіў са старой радыёлы сучасны медыяцэнтр
У Гродне Ігара больш ведаюць як барда, аднаго з арганізатараў “Зялёнага Гран-Пры” і чальца Клуба (не)арганізаваных бардаў
Ад настальгіі да ідэі
Знаходзіць новыя варыянты выкарыстання старых рэчаў для Ігара звыклая справа, якая незаўважна прысутнічае ў штодзённым жыцці. Пра сябе ён кажа, што належыць да пакалення, якое “і рукамі працаваць не цуралася, і фізіку разумела”, таму адрамантаваць разетку ці забіць цвік для яго не праблема.
Адзін з прыкладаў тэхнічнай творчасці – начнік для дачкі, змайстраваны са старых электронных плат
Яшчэ падлеткамі з сябрамі ўвесь час нешта майстравалі – то прыймачы збіралі, то цветамузыку. Таму досвед тэхнічнай творчасці назапашваўся ад малога.
Гістарычная даставернасць ці тэхнічны прагрэс?
На стварэнне незвычайнага медыяцэнтра Ігара натхнілі выпадкова сустрэтыя ў сеціве публікацыі рэстаўратараў старой аўдыятэхнікі. Праўда, цалкам паўтараць працу тых энтузіястаў ён не захацеў.
Вайсковы тэлефон і прымач як у шпіёна. На СТА ў Гродне сабралі калекцыю рарытэтнай гукатэхнікі
Звычайна, аднаўляючы рэтра-тэхніку, майстры стараюцца быць як мага больш дакладнымі ва ўсім – знайсці старыя запчасткі і лампы, зрабіць поўную рэстаўрацыю. “Такі варыянт мяне не цікавіў”, – тлумачыць Ігар. Яго мэтай было аб’яднаць у адным корпусе гістарычную даставернасць і тэхнічны прагрэс. Так майстар паспрабаваў спалучыць прыемныя ўспаміны аб мінулым з якасцю гучання раней недасягальнай.
З першага погляду
Радыёла, неабходная для рэалізацыі ідэі, знайшлася таксама праз сеціва. “Знайшоў, пазваніў, прыехаў, забраў” – так пачыналася рэалізацыі рэтра-футура-задумы. Дзяўчына, што дапасоўвала пад свой густ старую кватэру і шукала ахвотных да старых рэчаў, дзівілася, навошта патрэбна пашарпаная “музыка”, што шыпела і рыпела. Але Ігар кажа, што радыёла як найлепш адпавядала яго чаканням: “Я убачыў тое, што хацеў. Астатняе было не важна”. Радаваў добры стан тэхнікі ажно 1957 года выпуску. Відаць было, што да яе ставіліся беражна і з любоўю. Дадатковым бонусам стаў набор гуказдымальных голак для прайгравальніка вінілавых дыскаў і пашпарт на радыёлу.
Радыёла 1957 года выпуску. Яшчэ недаўна – пашарпаная “музыка”, сёння ператвораная ў сучасны медыяцэнтр
Гэты дакумент нагадаў Ігару пра дух былых часоў у вельмі катэгарычнай форме. Ён папярэджваў уладальніка прыймача аб неабходнасці ў трохдзённы тэрмін зарэгістраваць тэхніку ў аддзяленні сувязі па месцу жыхарства. “Усё было пад кантролем, бо раптам табе радыё, каб “Голас Амерыкі” слухаць”, – усміхаецца з даўнейшых абмежаванняў Ігар.
Квантавая механіка вучыць уключаць мазгі
Атрымаўшы радыёлу, астатнія неабходныя рэчы Ігар збіраў “па амбарах, па сусеках”. Стары ноўтбук і манітор аддалі сябры, частка радыёдэталяў знайшлася дома, чаго не ставала адшукалася ў знаёмых тэхнароў. Так радыёла дапамагла аднавіць кантакты з людзьмі, якім доўгі час рукі не даходзілі пазваніць.
Хаця моцным электроншчыкам Ігар сябе не лічыць, адукацыя Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута сфармавала тэхнічны падыход да любых пытанняў. “Калі разабраўся з квантавай механікай, то і астатняе асіліш, – узгадвае ён тое, што казалі тагачасным студэнтам. – Уключай мазгі і наперад!”
Жонка Вольга не толькі музыка, бард і паплечніца Ігара, але і своеасаблівы хатні мастацкі савет. Перад рэялізацыяй новай тэхнічнай задумы Ігар рыхтуе адказ на пытанне “Дзе гэта будзе стаяць?”. У выпадку з радыёлай “праект” паспяхова прайшоў яе экспертызу
Ігар расказвае, што ад моманту з’яўлення дома радыёлы цягам двух месяцаў уся кватэра нагадвала майстэрню. “Недзе нешта пілілася, потым фарбавалася, у іншым месцы ішла праца з радыёдэталямі, побач – разабраныя ноўтбукі…”.
Па ходу работы нешта атрымлівалася адразу, іншыя спробы не давалі чаканых вынікаў, але ўрэшце цуд тэхнікі паўстаў у канчатковым выглядзе. Драўляны корпус паблісквае падноўленым лакам, замест прайгравальніка дыскаў – клавіятура ад ноўтбука, побач “загончык” для мышы, у вечку ўмантаваны манітор. Дыяпазон сярэдніх, доўгіх ды кароткаіх хваляў зараз без патрэбы, таму рукаяткі настройкі прыстасаваныя пад рэгуліроўку гучнасці і частотнага дыяпазону.
Лавіць хвалі ўжо не трэба, таму рукаяткі прыстасаваны пад рэгуліроўку гуку і частот
У магчымасці новай-старой радыёлы, акрамя выкарыстання FM-радыё, уваходзіць таксама прайграванне аўдыя ці відэа з сеціва або флэшкі, як у любога сучаснага музычнага цэнтра.
Фізік саступае месца лірыку
Рэалізацыі новых тэхнічных ідэй зараз трэба пачакаць, бо апроч тэхнічнай творчасці вялікую частку жыцця Ігара займае творчасць музычная.
Ігар Падчыненкаў разм з жонкай Вольгай шмат гадоў уваходзяць у гарадзенскі “Клуб (Не)арганізаваных бардаў” і ў склад арганізатараў “Зялёнага Гран-Пры”. Клуб зараз рыхтуецца да справаздачнага канцэрта на атрыманне звання народнага калектыва, ды і “Зялёнка” зусім хутка, ужо ў маі, таму патрабуе пільнай увагі. Так што фізік Ігар Падчыненкаў на пэўны час саступае месца Падчыненкаву-лірыку.
Здымкі аўтаркі і з архіва Клуба (не)арганізаваных бардаў