Блізкі космас Марыі Станіславіч. Як гарадзенка жыла і працавала на Байкануры

|

 

 


“Любімы касманаўт” і гарадзенская вуліца імя Паповіча


Марыя Станіславіч узгадвае, што ў часы яе дзяцінства касмічная тэма лічылася ці не самай вартай гонару: “У школе з’явілася нават тэма для сачыненняў “Мой любімы касманаўт”. З выбарам гэтага “любімага” пытанняў у гарадзенскай школьніцы не было – ад 1962 года гэтае месца заняў Павел Паповіч. “У любімага касманаўта была лепшая ўсмешка, якая, на маю думку, азарала зямлю, космас і маю душу”, – узгадвае яна дзіцячае захапленне героем. Але аб тым, каб пабачыцца ці пагаварыць з ім, Марыя магла толькі марыць.

 

 

Як знакавую падзею таго перыяду ўзгадвае яна тое, што старэйшы брат атрымаў новую кватэру на вуліцы Паповіча: “Для мяне самым важным з гэтага была назва вуліцы”. Сустрэча з героем дзіцячых мараў адбылася праз 26 гадоў, калі Марыя Станіславіч ужо працавала ў Ленінску і была дэпутаткай гарсавета.

 

 

 

Аўтограф для прадстаўніцы савецкай улады


Пачуўшы аднаго разу на працы, што ў горад едзе Паповіч, прызначаны кіраўніком палёту міжнароднага экіпажа, Марыя расказала калегам аб прысвечаных яму сачыненнях і дзіцячай мары сустрэцца з ім. Сябры зрабілі для яе сюрпрыз – змаглі арганізаваць знаёмства з кумірам дзяцінства. Пасля размовы ён, разам з касмічным экіпажам, пакінулі для Марыі Сіаніславіч аўтографы ў кнізе “Касмічная садружнасць”.

 

 

 

Герман Цітоў і яго пратэкцыя


Сустракалася Марыя і з касманаўтам нумар два – Германам Цітовым. Гэта і было самай яркай старонкай касмічнай часткі жыцця Марыі. Яна ўзгадвае, што ў пэўны момант гарсавет вырашыў замовіць памятныя медалі для тых, хто нарадзіўся на Байкануры ці стварыў тут сям’ю. Арганізавалі конкурс эскізаў, абралі намінантаў: “Хацелася, каб той медаль быў сапраўды варты і падзей што тут адбываюцца, і самой “касмічнай гавані”. Было гэта ў часы перабудовы – тады нават генсек Гарбачоў наведваў Байканур і вайсковае кіраўніцтва  больш ахвотна ішло на супрацоўніцтва з грамадзянскімі ўладамі.

 

У той перыяд, расказвае Марыя, курыраваў касмадром акурат Цітоў. Па просьбе вайскоўцаў ён адгукнуўся на дапамогу і з яго лёгкай рукі Маскоўскі манетны двор пагадзіўся адліць медалі для Байканура.

 

 

Ехаць у сталіцу даручылі Марыі. “Прывёўшы сябе да ладу я выправілася скараць Маскву”, – смяецца яна, узгадваючы тыя падзеі. Аднак хутка стала не да смеху. На Манетным двары яе добра сустрэлі, але, паглядзеўшы эскізы, галоўны інжынер прадпрыемства пачаў “чухаць патыліцу ў простым і пераносным сэнсе”.  Марыя зразумела – малюнкі яму не падабаюцца, але адмовіць у просьбе, пра каторую хлапатаў сам Цітоў, не рашаецца.

 

Як “нованароджаны масквіч” стаў “народжаным на Байкануры”


“Вырашыла запытацца аб прычынах наўпрост”, – расказвае Марыя. Тут і  высветліла – спецыяліст адразу зразумеў, што выявы не адпавядаюць ні матэрыялу, з якога робяць медалі, ні мастацкім патрабаванням Манетнага двара. “Мабільнікаў, каб параіцца з кіраўніцтвам, у тыя часы не існавала, а ехаць назад, не зрабіўшы справы, было немагчыма”. Выйсце знайшлі разам з мясцовымі спецыялістамі. Для медаля “Народжаны на Байкануры” прапанавалі эскіз аднаго з мясцовых супрацоўнікаў, Мікалая Турдакіна. Гэта праца падавалася на конкурс медалёў для нованароджанага масквіча, але ў лік пераможцаў не трапіла. “Тая мадонна з немаўляткам мяне скарыла”, – расказвае Марыя, успамінаючы, як на свой страх і рызыку прымала рашэнне і як пасля распавядала пра гэта на месцы.

 

 

Што да медаля “Шчасця вам” для Байканурскіх маладых, то ён таксама зведаў змены з тэхналагічных нагодаў. Але гэты медаль Марыя называе проста “памятным знакам”, а ў медаль “Народжанаму на Байкануры”, з яе словаў, укладзены уласныя  пачуцці і душа.

 

“Да канца 1988 медалі былі вырабленыя. 50 з іх пакінулі у выканкаме ў якасці сувеніраў для гасцей, а астатнія былі перададзены ў ЗАГС, дзе ўрачыста ўручаліся маладым і бацькам нованароджаных. Першыя медалі пры рэгістрацыі нованароджаных запрасілі ўручыць мяне”.

 

Добрыя словы для касманаўтаў


“У мае абавязкі, разам з іншым, уваходзіла падрыхтоўка тэкставых матэрыялаў кшталту рашэнняў гарвыканкама ці прывітальных прамоваў”, – расказвае Марыя Станіславіч. Прыходзілася складаць і тэксты ўрачыстых адрасаў, што ўручаліся ганаровым грамадзянам горада, а гэтым званнем ганаравалі ўсіх касманаўтаў пасля вяртання з палётаў: “Магчыма, што мае тэксты і зараз захоўваюцца ў сем’ях касманаўтаў, што атрымалі гэты тытул з красавіка 1985 па красавік 1989”.

 

 

Што да самой Марыі, то рэхам тых гадоў прыходзяць да яе нанова знойдзеныя ў сацсетках людзі з тых часоў, сябры, што прыязджаюць адведаць нават з Казахстана, ці памятныя знакі, што да гэтай пары дасылаюць ёй з Байканура. 

 

 

Фота аўтаркі