Фотафакт: Будаўнікі ўзяліся за стары дом на вуліцы Малой Траецкай
Пра дом №13 да нашых дзён не дайшло амаль ніякай інфармацыі – гэта шараговая забудова. Вядома, што ён быў пабудаваны ў 1875 годзе і знаходзіўся ў габрэйскім квартале. Са слоў працоўных, падчас даследвання яны нічога не знайшлі, бо тут яшчэ за савецкім часам праводзіўся рамонт.
Так выглядае падвал:
Усе знаходкі, зробленыя за апошні час на Малой Траецкай, адносіліся да часу Другой сусветнай вайны. З успамінаў былых вязняў гарадзенскага гета, габрэі хавалі свае каштоўныя рэчы, каб яны не трапілі ў рукі фашыстаў.
Гэтак, былая зняволеная гарадзенскага гета Ліза Чапнiк у 1941 годзе разам з бацькамі закапала на сённяшняй вуліцы Малой Траецкай радыёпрымач, фотаальбом і некаторыя сямейныя рэліквіі. Вярнуўшыся пасля вайны, Ліза не здолела знайсці таго месца. Людзей, якія хавалi нешта каштоўнае на вулiцы i ў дамах былі дзясяткі, калі не сотні. Не выключана, што ў доме №13 яшчэ знойдуцца каштоўныя для гісторыі горада рэчы.
Што будзе ў доме пасля рамонту пакуль невядома. Звычайныя будаўнiкi абяцаюць “усё зрабiць прыгожа”. Дарэчы, ціхая вулічка Малая Траецкая, з невялікімі камернымі дамкамі, цягам апошніх гадоў ператвараецца ў раён акурат такіх сучасных яркіх дамоў.