Калі згасаюць атамныя зоркі. Як заканчваўся лёс суседніх з Беларуссю АЭС
align=”” alt=”Photo by Paul Osipoff, +375 29 6584969, p.osipoff@gmail.com” width=”725″ height=”480″ >
Міравы лідар па ўсталяваных магутнасцях – ЗША, аднак атамная энергетыка тут складае толькі 20% у энергетычным балансе краіны. Па долі ядравай энергіі лідзіруе Францыя – 77%. Ядравая энергетыка з’яўляецца для яе нацыянальным прыярытэтам. Мапа ў інфармацыйным цэнтры БелАЭС складзена па дадзеных Міжнароднага агенцтва па атамнай энергетыцы і Сусветнай ядравай асацыяцыі. Фота Паўла Осіпава
Ігналінская АЭС з 2004 года паслядоўна згортвае дзейнасць. Аднак цалкам яна скончыць свой жыццёвы цыкл толькі ў 2038 годзе. Пакуль жа тут працягваюць працаваць каля 2000 работнікаў (з колішніх 6000), а фатаграфаваць галоўны офіс можна не бліжэй чым з 50 метраў. Фота Паўла Осіпава
Ігналіна – што стаіць за хэпі-эндам?
Атамную станцыю бліз літоўскай Ігналіны, што ў 300 км ад Гродна, збудавалі ў 1983 годзе. Яе эксплуатацыя не выклікала нараканняў, давала працу мясцовым жыхарам і энергію ўсёй краіне на працягу 22 гадоў, хаця пры будаўніцтве планавалася яе выкарыстанне цягам 30-40 гадоў. Прыпыняць працу станцыі пачалі з 2004 года – гэта было адной з умоваў уваходу Літвы ў Еўрасаюз.
З той пары станцыя ўжо не прадукуе электрычнасці, а значыць, і не дае прыбыткаў. Аднак расходаў і часу, каб цалкам зняць Ігналінскую АЭС з эксплуатацыі, трэба яшчэ шмат. Паводле кіраўніцтва, меркаваны тэрмін канчатковага закрыцця – 2038 год, а патрэбныя затраты – тры мільярды еўра. Плануецца, што да таго часу ад Ігналінскай атамнай не застанецца нічога: усе канструкцыі дэмантуюць і пры неабходнасць захароняць. Нашчадкам ад АЭС застанецца толькі некалькі курганоў – магільнікаў ядравых адходаў, ды пытанні бяспекі.
У інфармацыйным цэнтры Ігналінскай АЭС дэманструюць макет магільніка для адпрацаванага адравага паліва. Фота Паўла Осіпава
Справа ў тым, што вырабленыя па сённяшніх тэхналогіях кантэйнеры змогуць забяспечыць адходы толькі на 50 гадоў захоўвання. Што будзе пазней – перапакоўка адходаў, пахаванне іх на большую глыбіню ці нешта яшчэ – пакуль дакладна сказаць ніхто не бярэцца. Будучым пакаленням прыдзецца вырашаць гэта пытанне самастойна, бо тыя, хто прымаў рашэнне будаваць станцыю, з жыцця на той час ужо сыдуць.
Што да Беларускай АЭС, то тэрмін яе эксплуатацыі сёння акрэсліваюць у 60-70 гадоў, а пытанне адходаў збіраюцца вырашаць сумесна з пастаўшчыкамі паліва. Са словаў Андрэя Катанаева, кандыдата тэхнічных навук, супрацоўніка БелНІПІЭнергаПрам, нават адпрацаванае ядравае паліва з’яўляецца каштоўнай другаснай сыравінай – з яго можна дабыць яшчэ шмат каштоўных рэчывай. Таму адпрацаванае паліва скіруецца ў Расію для перапрацоўкі. Тое, што застанецца пасля – уласна, ядравыя адходы – будзе ашкляцца, каб папярэдзіць распыл ці вынас радыёактыўных рэчываў, і захароньвацца. Месца захаранення пакуль дакладна не называюць. “Гэта вызначыцца кантрактам у кожным канкрэтным выпадку”, – пракаментаваў Андрэй Катанаеў.
Што тычыцца сродкаў, неабходных для вывада станцыі з эксплуатацыі, то, са словаў Эдуарда Свірыда, кіраўніка інфармацыйнага цэнтра БелАЭС, для іх збору будзе створаны адмысловы фонд, куды АЭС на працягу ўсяго часу эксплуатацыі будзе пералічваць грошы.
Эдуард Свірыд, кіраўнік інфармацыйнага цэнтра БелАЭС, адказвае на пытанні журналістаў
Чарнобыльская АЭС – жыццё пасля смерці
Кропку ў штатнай эксплуатацыі Чарнобыльскай АЭС паставіў выбух, які адбыўся 26 красавіка 1986 года ў час планавых выпрабаванняў на чацвёртым энергаблоку. Катастрофа прывяла да разбурэння рэактара і выкіду ў атмасферу часткі ядравага паліва.
ЧАЭС пасля выбуху на чацвёртым энергаблоку. Здымкі з фотагалерэі сайта Чарнобыльскай АЭС
На той час станцыя адпрацавала менш за 10 гадоў – пуск адбыўся ў 1977 годзе, а чацвёрты энергаблок наогул працаваў толькі з 1983 года. Будаўнічыя працы па ўзбуйненню станцыі і павелічэнню яе магутнасці ішлі ўвесь час паралельна з эксплуатацыяй. Дарэчы, у канцы 1986 году планавалася скончыць мантажныя работы на пятым энергаблоку.
Адлегласць паміж Гродна і Чарнобыльскай АЭС каля 500 кіламетраў, але яна стала самай блізкай атамнай станцыяй не толькі для беларусаў, але і для жыхароў многіх краін свету. Як адзначае прафесар Ігар Семяненя з Дэпартамента МНС па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, “незважаючы на тое, што вага патрапіўшых у атмасферу радыёнуклідаў складала ўсяго каля 32 кілаграм, доўгатэрміноваму забруджванню цэзіем-137 (яго было каля 12 кг) падверглася каля дзясятка еўрапейскіх краін, а радыёактыўны йод-131, якога ў выкідах было толькі 59 грам, і які справакаваў значнае пашырэнне паталогіі шчытавіднай залозы ў дзяцей, абагнуў зямны шар некалькі разоў і яго прысутнасць канстатавалі ў розных рэгіёнах свету”.
Пасля аварыі і пазнейшых пажараў на станцыі яшчэ вяліся рамонтна-аднаўляльныя работы. Да канца 1986 года над пашкоджаным энергаблокам было збудавана сховішча, больш вядомае як “саркафаг”. Тым часам абмяркоўвалася далейшая праца станцыі, бо ядравае паліва ў рэактарах мела вялікі энергетычны патэнцыял.
Пад саркафагам Чарнобыльскай АЭС
У 1993 годзе Кабінет міністраў Украіны нават прыняў рашэнне працягваць яе выкарыстанне, але пад уплывам святовай грамадскасці ад яго адмовіўся, і паступова энергаблокі пачалі выводзіць з эксплуатацыі. Цалкам спынілі генерацыю электраэнергіі на ЧАЭС 15 снежня 2000 года.
З таго часу пачаліся працы па зняццю спыненых энергаблокаў з эксплуатацыі, а з 2007 па кантракту з французскім канцэрнам Novarka пачалося будоўля блока для адпрацаванага ядравага паліва і ўзвядзенне бяспечнага сховішча, каб закрыць чацвёрты энергаблок. Пачаткова праект ацэньваўся ў 980 млн еўра, але ўжо ў 2014 стала ясна, што патрабуюцца дадатковыя ўкладанні. Тады асамблея донараў Чарнобыльскага фонда “Сховішча” прыняла рашэнне аб выдзяленні дадатковых 650 мільёнаў еўра на завяршэнне будаўніцтва ахоўнага контура.
Зараз, са словаў кіраўніка ЧАЭС Ігара Граматкіна “фактычна ўсе праекты Чарнобыльскай АЭС знаходяцца ў завяршальнай фазе”. У 2016 годзе плануецца завяршыць будаўніцтва сховішча – “бяспечнага канфайнмента” і насунуць яго арку над аварыйным энергаблокам. Выпрабаванні аб’ектаў зоймуць увесь 2017 год. Такім чынам у 2016 годзе скончыцца актыўная фаза вываду станцыі з эксплуатацыі, а з 2017 пачнецца фаза канчатковага яе закрыцця і кансервацыі. Паводле спецыялістаў, прынятыя меры дапамогуць ператварыць Чарнобыльскую атамную ў бяспечны і экалагічна стабільны аб’ект.
“Бяспечны канфайнмент”, сховішча ў выглядзе аркі, што будзе насунута на разбураны энергаблок паверх “саркафага”, збудаванага ў 1986. Здымак gettyimages.com, верасень 2015
Распавядаючы пра бяспеку беларускай АЭС, Эдуард Свірыд узгадаў пра палепшаныя характарыстыкі рэактара, што адносіцца да пакалення 3+ і выкарыстанне паслядоўнага шматбар’ернага прынцыпа яго абароны.
Каб не падвёў “чалавечы фактар”, персанал станцыі ўжо зараз асвойвае асноўны і рэзервны пульты кіравання ды напрацоўвае досвед эксплуатацыі станцый на паўнапамеравых трэнажорах
Балтыйская АЭС – будаваць нельга спыніць. Коску ставіць не спяшаюцца
Падрыхтоўчыя работы па будоўлі Балтыйскай АЭС у Калінінградскай вобласці пачалі ў 2010 годзе. Станцыя размясцілася каля горада Неман, 20 кіламетраў ад літоўскай мяжы і 300 кіламетраў ад Гродна.
Будаўнічая пляцоўка заняла 200 гектараў плошчы. У 2012 годзе ўжо былі гатовы катлаван пад рэактар, корпус лавушкі расплава актыўнай зоны, каналы для адвода грунтовых і павадкавых водаў, падведзена лінія электразабеспячэння і чыгунка для транспарціроўкі на станцыю буйных канструкцый. Планавалася, што першы з двух энергаблокаў будзе ўведзены ў дзеянне ў 2016 годзе, а другі – ў 2018.
Пачатак будаўнічых работ на Балтыйскай атамнай станцыі
Аднак ў сярэдзіне чэрвеня 2013 года генеральны падрадчык Балтыйскай АЭС АТ “НИАЭП” паведаміў, што будаўніцтва праекта часова прыпынена.
У снежні 2014 дырэктар Балтыйскай АЭС Віталь Трутнеў заяўляў, што, незважаючы на прыпыненне будаўніцтва, дырэкцыя гатова ў любы момант раскансерваваць тэхніку і развярнуць будоўлю з максімальнай сілай. Таксама ён адзначыў, што бачыць перспектывы для працягу будаўніцтва дастаткова высокімі.
З іншага боку, кіраўнік энергетычнага аддзела Грынпіс Расіі Уладзімір Чупроў мяркуе, што “адмовіцца ад будаўніцтва станцыі зараз, хоць і з пэўнымі стратамі, усё ж лепш, чым працягваць укладаць грошы ў заведама стратны праект”. З яго словаў, пасля адмовы краін Еўразвязу набываць электраэнергію на Балтыйскай АЭС, наяўнасць станцыі ў рэгіёне не мае ніякага эканамічнага сэнсу.
Будоўля Балтыйскай АЭС была прыпынена ў канцы 2013 года. Магчыма, праект будзе перапрацаваны пад рэактары меншай магутнасці
Тое, што энергіі ад БАЭС будзе для рэгіёна замнога, прызнаў у інтэрв’ю Росбалту і Калінінградскі губернатар Мікалай Цуканаў. “Адзін з блокаў станцыі павінен быў працаваць на экспарт, але пасля аварыі на Фукусіме Еўропа ад закупак адмовілася”, – адзначыў ён. Аднак, паводле кіраўніка вобласці, АЭС варта дабудаваць, каб забяспечыць энергетычныю бяспеку Расійскаму анклаву ва ўмовах магчымага выхаду Прыбалтыйскіх краін з адзінай энергасістэмы.
Беларуская атамная №0
Калі ж звярнуцца да беларускага досведу атамнага будаўніцтва, то ў ім таксама знайшлося месца падобнай сітуацыі. Станцыя, што павінна была стаць першай беларускай атамнай цэнтраллю, пачала будавацца пад Мінскам у 1983 годзе. Грандыёзная камсамольска-малодзёжная будоўля сабрала больш за 3,5 тысячы чалавек з усяго Саюза.
Будаўнічыя работы на катлаване першага энергаблока Мінскай АТЭЦ. Здымак з фотагалерэі сайта ТЭЦ-5
Разам з будаўніцтвам АТЭЦ пачалі ўзводзіць жыллё і аб’екты сацкультбыту для будучых атамшчыкаў. У 1985 годзе на карце Пухавічскага раёна з’явіўся новы пасёлак, а ў наступным годзе ён атрымаў назву “Дружны”. Адлегласць ад гэтага населеннага пункта да Гродна складае каля 300 км.
Аднак на той час планы беларускіх атамшчыкаў перакрэсліла Чарнобыльская аварыя. Будаўніцтва Мінскай АТЭЦ было прыпынена, калектыў супрацоўнікаў скіраваны на ліквідацыю наступстваў аварыі і будаўніцтва жытла для перасяленцаў, а ў Дружны пасялілі больш чым 1200 эвакуяваных жыхароў Прыпяці.
З улікам значнага аб’ёму работ, што на той час ужо былі зроблены на пляцоўцы Мінскай АТЭЦ, было прынята рашэнне аб перапрафіліраванні станцыі на выкарыстанне арганічнага паліва – прыроднага газа ў якасці асноўнага, і мазута для рэзерва.
Замест АТЭЦ з’явілася Мінская ТЭЦ-5, што стала першай электрастанцыяй, уведзенай у эксплуатацыю у краінах СНД пасля распаду Савецкага Саюза