Эксперты з сямі краін абмяркоўвалі ў Гродне, як змяніць сталасць і стаўленне да яе ў грамадстве

|

На Міжнародную канферэнцыю ў Гродна прыехала больш за 100 прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, а таксама навукоўцаў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Казахстана, Кыргыстана, Расіі і Украіны, бо сур’ёзнасць эканамічных і сацыяльных выклікаў, што паўсталі перад чалавецтвам, не ведаюць геаграфічных ды палітычных межаў.

 

Дадаць гады да жыцця ці жыцця да гадоў?


Алена Касько, намесніца Прадстаўніка Фонда ААН па народанасельніцтву (ЮНФПА) на Беларусі ў сваім выступе ўзгадала пра колькасныя і якасныя паказчыкі старэння. Зараз, калі медыцына дазваляе дадаць гады да жыцця, варта падумаць, як напоўніць іх жыццём, разважае яна. Прадстаўнічка ААН узгадала Мадрыдскі міжнародны план дзеяння, згодна якому для вырашэння пытанняў старэння трэба браць пад увагу адразу тры напрамкі – паляпшэнне стану здароўя і дабрабыту ў сталым веку, забеспячэнне годных умоваў жыцця і магчымасці развівацца.

 

 

Паводле Яніны Ладышавай, навуковай супрацоўніцы Навукова-даследчага інстытута працы Міністэрства працы і сацабароны Беларусі, механізм паляпшэння якасці жыцця рэалізуецца праз сацыяльную абароненасць сталых, у першую чаргу пенсіянераў. Яна распавяла пра структуру створаных у дзяржаве тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якіх зараз існуе больш за 1000.

 

Беспаспяховасць навучання ў сталым веку – шкодны міф

 

Аналізуючы  магчымасці  развіцця ў сталым веку, Галіна Верамейчык з Прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў адзначыла, што неабходнасць адукацыі для сталых людзей пакуль не ўлічваецца ў беларускіх адукацыйных праграмах. У нашай краіне пакуль трымаюцца традыцыйнага падыходы – вучыся пакуль малады, а пасля працуй. Больш адпаведным да сучаснасці спецыялістка называе навучанне цягам усяго жыцця. Паводле Галіны, беспаспяховасць сталых у навучанні гэта міф, каторы нам належыць разбурыць.

 

 

Пра адукацыю ў сталым веку распавядаў і навуковец з Польшчы, кіраўнік Універсітэту Трэцяга Веку з Вроцлава, Аляксандр Кабылярэк. Вялікі досвед у навучанні сталых і выкарыстанні іх патэнцыялу – для яго пытанне ўжо не дыскусійнае. Зараз Аляксандр больш увагі звяртаў на неабходнасць стварэння сеткі адукацыйных арганізацый, у тым ліку міжнародных, для аб’яднання намаганняў у гэтай галіне.

 

Настаў час змяніць стаўленне да сталых 

 

Кірыл Прашчаеў, дырэктар некамерцыйнай арганізацыі “Навукова-даследчы медыцынскі цэнтр “Геранталогія” (Масква) і намеснік старшыні Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага таварыства, закранаў пытанні кансалідацыі высілкаў яшчэ больш шырока. Паводле яго, найлепшыя вынікі можна дасягнуць, ствараючы агульную пляцоўку для дыялогу дзяржаўных і грамадскіх установаў, што дзейнічаюць на карысць сталых. Бо нават адукацыйныя пытанні, звязаныя са сталеннем насельніцтва, трэба разглядаць больш шырока – напрыклад, як неабходнасць рыхтаваць спецыялістаў па сацыяльнай працы, лекараў-герантолагаў і нават герагогаў, спецыялістаў па навучанню сталых, замест педагогаў – тых, хто умее вучыць дзяцей. Таксама важнымі лічыць Кірыл і змены грамадскага меркавання наконт сталых людзей. Ва ўмовах сталення насельніцтва дыскрымінацыі па ўзросту быць не павінна.

 

 

Пра тое, што сталыя людзі гатовы рабіць свой унёсак ў развіццё грамадства, казала і Баян Ахметжанава, прэзідэнт грамадскага аб’яднання “Ардагер” з Казахстана. Для вырашэння праблемаў сталых людзей недастаткова толькі дзеянняў з боку дзяржавы ці грамадскай супольнасці. Кожны чалавек сам нясе адказнасць за сваё жыццё і павінен прыкладаць намаганні, каб палепшыць яго якасць.

 

 

 

Па-за афіцыйная мудрасць 


Ужо па-за межамі дакладаў Баян распавяла ўдзельнікам канфэрэнцыі прытчу. Гераіня прыйшла да сталага бацькі і стала скардзіцца, што стамілася ад свайго аднастайнага жыцця. Тады бацька прапанаваў ёй паставіць на агонь тры рондлі з вадой і кінуць у вар моркву, яйка і каву. Калі змесціва было гатова, бацька спытаўся, якія высновы дачка зрабіла з таго, што назірала. Паціснуўшы плячыма, тая толькі адзначыла, што “ўсё прыгатавалася”. Сталы бацька звярнуў яе ўвагу, як змена асяроддзя змяніла стан прадуктаў. “Крохкае і цякучае яйка стала цвёрдым, а цвёрдая морква – мяккай. Так і чалавека могуць змяняць цяжкія абставіны. Адных загартоўваюць, іншых размякчаюць”. Дачка адразу стыталася наконт кавы – як змянілася яна і з якімі людзьмі можна параўнаць гэта рэчыва? Бацька адказаў, што кава здольна сама змяняць асяроддзе, у якое патрапляе, і параіў дачцы самой стаць такой, як кава.

 

Вынікі двухдзённай працы канферэнцыі зафіксавалі ў рэзалюцыі, якую плануецца скіраваць у беларускі парламент, зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы, грамадскія арганізацыі, навуковыя і акадэмічныя ўстановы. Лана Руднік, кіраўнічка “Цэнтра дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый”, ад імя арганізатараў выказала спадзяванні, што прапановы з рэзалюцыі будуць скарыстаны пры распрацоўцы Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця.

  

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей: на шляху да распрацоўкі планаў дзеяння па пытаннях сталення” адбылася ў Гродне 8-9 красавіка пры падтрымцы Прадстаўніцтва Фонда ААН па народанасельніцтву  (UNFPA) ў Беларусі, Агентства па міжнароднаму развіццю ЗША (USAID), Фонда “Памяць, адказнасць і будучыня” (Германія), Прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.” DVV International, Міжнароднай геранталагічнай сеткі AgeNet і праводзілася  установай  “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” і Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне“.

 

У артыкуле выкарыстаны мультымедыйныя матэрыялы са старонкі канферэнцыі.