Мечыслаў Гой правёў эксперымент: праверыў рэагаванне хуткай дапамогі ў Гродне

|

Патэлефанаваўшы са звычайнага нумара тэлефона і сказаўшы, што ў парку Жылібера ляжыць чалавек без прытомнасці, Мечыслаў Гой разам з журналістамі стаў чакаць супрацоўнікаў хуткай дапамогі каля вечнага агню.

 

Званок у службу 103 быў зроблены з будынку гарвыканкама ў 19.04. А ўжо ў 19.10 машына хуткай дапамогi была ля вечнага агню.

 

Брыгада медыкаў распавяла, што цяпер практычна ўсе машыны хуткай дапамогі звязаныя паміж сабой не толькі радыёсістэмай, але і службовымі мабільнымі тэлефонамі. А хуткасць рэагавання будзе залежыць ад значнасці праблемы.


“Аўтааварыя, зваліўся з вышыні, без прытомнасці – у гэтых выпадках мы ўключаем мігалкі і, нягледзячы на рух у горадзе і светлафоры, едзем да пацярпелага. А калі ў чалавека кепска з сэрцам, то гэта паняцце недакладнае, бо ў яго можа проста падняцца ціск. Многія людзі пакутуюць ад сценакардзiі і на вуліцы iм можа стаць дрэнна, але гэта не падстава для экстранасцi”, – патлумачыў дзяжурны ўрач.

 

У Гродне падстанцыі хуткай дапамогі размешчаны аптымальна па раёнах горада. Машына ў крытычнай сітуацыі павінна прыехаць за лічаныя хвіліны.

 

 

Старшыня гарвыканкама пахваліў медыкаў за аператыўнасць і адправіў іх назад на падстанцыю.


“Добрая праца, я задаволены. Правяраць нашы службы часам трэба, я лічу гэта правільным. Сёння хуткая зрэагавала вельмі хутка. Спадзяюся, яна будзе працаваць так заўсёды”, – сказаў Мечыслаў Гой.