Vinsent у Гродне паабяцаў заспяваць хіп-хоп на Дажынках. Калі запросяць

|



Пра што не ведае Google

 

Увогуле, можна парадавацца, што Vinsent да нашага горада даехаў. З яго словаў, каб сюды дабрацца, трэба спачатку вызначыць, што шукаць на мапе – Гродна, Горадзен ці Гародню. Нават Google часам стае ў тупік, пачынаючы разбірацца, колькі ж тут гарадоў – адзін ці некалькі. Дзелячыся ўражаннямі ад гістарычнай захаванасці горада, Vinsent падзякаваў гарадзенцам, што захоўваюць Гродна “для сябе і для ўсёй Беларусі”.

 



Эпахальны канцэрт


Музыка распавёў, што асабліва зараз, калі выйшаў новы альбом “Vir”, ён шмат выступае па Беларусі. Канцэрт у родных Івацэвічах ён назваў “эпахальным”. Найбольш уразіўся выступам хіп-хопера гукарэжысёр мясцовага дома культуры. Было падобна, што ён ці не ў першы раз чуў, каб артыст выступаў без фанеры. Ужо па-за жартамі Вінсэнт адзначыў, што лічыць абавязковым для сябе ды іншых музыкаў  выступы на малой радзіме.

 

 


Хіп-хоп Дажынкі


Сваёй аўдыторыяй музыка лічыць найперш інтэрнэт-карыстальнікаў і мала пераймаецца адсутнасцю ўласных твораў на мясцовым тэлебачанні ці радыё. Але ў выпадку прапановаў да супрацоўніцтва, адмаўляцца не збіраецца. Ён лічыць, што няма сэнсу дзяліць беларусаў на афіцыйных і не-афіцыйных. “Калі раптам запросяць на Дажынкі, то я выступлю. Трактарысты таксама маюць права слухаць беларускамоўны хіп-хоп”.

 

 

 

Паміж “Чужой мілай” і “Вінаградам”


Разважаючы пра сучасную беларускую эстраду абысці ўвагай мэтра Саладуху не ўдалося. Яго Vinsent назваў “артыстам з вялікай харызмай  і, як мінімум, двума бліскучымі хітамі”. Як ні круці, а “Чужую милую” і “Где зреет виноград” у Беларусі мала хто не ведае. Свой голас у меркаванай галасаванцы хіп-хопер паабяцаў аддаць за “Виноград”.

 

 


Што напісаў – яно ўжо ў табе

 

На пытанне, ці не забывае ён часам свае тэксты, хіп-хопер толькі пасміхаўся: “Калі ты нешта напісаў, яно застаецца ўнутры. Гэта хіп-хоп, гэта рэп, гэта ў душы”. Да таго ж тэксты паўтараюцца на рэпетыцыях ці выступах. Што да творчасці, то гэта, са словаў Вінсэнта, нават не пытанне выбару: “Яно само прышло, а я палюбіў і раблю надалей. Каму – метал, каму хіп-хоп, як Бог даў”. Мяне, кажа Вінсэнт,  вось гэта “качае”.

 

 

 

 

 


 

 

Фота і відэа аўтаркі