Калі не з “Брэстам” вырашаць задачы, то з кім? Сяргея Саладоўнікава чакаюць два напружаныя матчы
“Заходняе дэрбі” заўсёды мела прынцыповы характар. А ў будучым туры бітва паміж футбалістамі намячаецца яшчэ сур’ёзней, чым звычайна. Па-першае, за гарадзенцаў выступаюць два вядомыя брэсцкія футбалісты Васькоў і Васілюк. Па-другое, матч у Брэсце для галоўнага трэнера жоўта-зялёных будзе вельмі важны, бо кіраўніцтва назіральнага савета клуба дала Саладоўнікаву дзве гульні каб выправіць сітуацыю ў камандзе.
У суботнім матчы “Дынама-Брэст” відавочна не плануе быць хлопчыкам для біцця, таму што адступаць паўднёўцам ўжо проста няма куды. Берасцейцы за тры туры не набралі ніводнаго ачка і знаходзяцца на дне турнірнай табліцы.
Што тычыцца складаў, то ў “Нёмана” ён будзе куды мацнейшы, чым у маладога “Дынама”. Гарадзенцаў у апошнім матчы ўзмацніў ўкраінскі легіянер Тарас Дурай, ужо хутка да каманды далучацца Яўген Савасцьянаў і Павел Савіцкі. Але склад у гэтым сезоне вырашае не ўсё. Камандамі кіруе вера і жаданне – прыклад гэтага “Крумкачы”.
Спартыўны аглядальнік “Прессбола” Уладзімір Кульбіцкі лічыць, што сітуацыя, якая склалася ў гарадзенскім “Нёмане” выглядае дваяка.
“З аднаго боку, каманда толькі пачынае сезон, і здавалася б, высновы рабіць вельмі рана. Неразумна казаць пра вынікі пасля трох матчаў. Але ёсць і іншы бок. Шэраг невыразных матчаў, у якіх “Нёман” нічым не пераўзыходзіць аўтсайдэраў чэмпіянату, доўжыцца яшчэ з папярэдняга сезону. Цалкам дапускаю, што кіраўніцтва разглядае ўсё ў комплексе і, не бачачы дынамікі, ставіць падобныя ўльтыматумы.
Сапраўды, нават у апошні прыход Сяргея Вітальевіча яго каманда паказвала класную змястоўную гульню, на якую хадзіў глядач, і хадзіў з задавальненнем. У мінулым сезоне “Нёман” заняў 4-е месца.
Час ідзе, мясцовых выхаванцаў, якімі там казыралі прадстаўнікі “Нёмана”, з кожнай гульнёй ўсё менш, а выніку няма. Новых маладых зорачак таксама няма. Выснова напрошваецца сама.
Супраць Саладоўнікава прагаласаваў галоўны крытык – глядач. У апошнiм матчы ўся трыбуна ў адзіным парыве асвістала коўча, але не каманду, да самааддачы якой у апошніх матчах не было прэтэнзій. А гледача не падманеш.
Што тычыцца бліжэйшых двух матчаў, то я б не абмяжоўваўся толькі імі. Бо супернік у адным з іх проста “з іншай планеты”. Калі не з “Брэстам” вырашаць задачы, то з кім? А далей – самы сапраўдны экзамен для каманды: “Мінск”, “Белшына”, БАТЭ, “Іслач”. Матчы з дадзенымі супернікамі на самой справе могуць стаць лакмусавай паперкай, і дапамогуць прыняць рашэнне, у якім кірунку нам рухацца далей: па шляху з Сяргеем Вітальевічам або лепш разысціся”.
Пасля “Брэста” гарадзенцаў чакае матч дома з “Мiнскам” – камандай, якая на старце сезона паказвае годны футбол. Ці здолеюць жоўта-зялёныя паказаць добры футбол у двух бліжэйшых матчах і выратаваць свайго трэнера, даведаемся хутка.