На ХІ Фестывалі нацыянальных культур у Гродне свае падворкі адкрыюць пяць новых дыяспар
“Мы вырашылі не пераносіць фестываль на пазнейшыя тэрміны, бо далей ідуць іншыя мерапрыемствы, якія былі загадзя запланаваны. Мы не адмовіліся ад ніводнай падзеі, адбыліся толькі невялікія змены ў часе ў некаторых выступах і канцэртах”, – распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкi.
Распачнецца свята ў суботу, 4 чэрвеня, у 11.00 традыцыйным шэсцем удзельнікаў з плошчы Леніна на плошчу Савецкую. Падворкi нацыянальнасцей, што ўдзельнічаюць у фестывалі, запрацуюць ужо з 12.00.
Гэтым разам на фестывалі будуць прадстаўнікі пяці новых краін: Чачні, ЗША, Нігерыі, Сірыі і Шры-Ланкі. Усе яны арганізуюць свае падворкi, дзе можна будзе пазнаёміцца з іх культурамі. Арганізатары фестывалю плануюць прадставіць Гродна ў выглядзе своеасаблівай маленькай планеты, дзе ў кожнай нацыянальнасці будзе свой дом-падворак.
Вядома, што на фестывалі будзе шмат музыкі. 5 чэрвеня раніцай выступіць ансамль “Бяседа”, вечарам жа выступяць сапраўдныя зоркі. Спіс яшчэ не агалошваецца, бо дагэтуль вядуцца перамовы. На закрыцці, увечары 5 чэрвеня, хэдлайнерамі будуць Pawa і J-МОРС.