Зрабі сам! У Гродне адкрылася бясплатная веламайстэрня
Праект, які распрацавалі актывісты веларуху, цалкам некамерцыйны і ствараўся на асабістым энтузіязме гарадзенцаў – ад аматараў для аматараў.
Гараж па вуліцы Жалезнай ахвяраваў адзін з гарадзенскіх вялаактывістаў Аляксандр Кірэй. Сваю машыну ён там даўно не ставіць, гараж доўгі час пуставаў, таму там і вырашылі размясціць майстэрню. Для веласіпедыстаў там ёсць практычна ўсё для рамонту: стойкі, ключы, помпы, а таксама слясарны інструмент і ціскі.
“У нашым гаражы можна будзе парамантаваць бясплатна ровар, а таксама атрымаць параду ад больш вопытных калег. Увесь сэнс у тым, што веласіпед чалавек рамантуе сам, а калі ўзнікаюць цяжкасці, то яму дапамагаюць. Назву свайму гаражу мы яшчэ не прыдумалі, спадзяемся, яна прыйдзе з часам”, – распавядае адзін са стваральнікаў майстэрні Аляксандр Фядотаў.
Штодня ў майстэрні будзе дзяжурыць механік. Але каб прыехаць парамантаваць веласіпед, трэба будзе спачатку пакінуць заяўку ў групе “Велокухня в Гродно“. Гэта патрэбна, каб дзяжурныя веламеханiкi ведалі, у які час прыедуць кліенты.
Падобных праектаў у Гродне яшчэ не было. Велакухня некалькі гадоў існуе ў Мiнску і карыстаецца там вялікім попытам. Гарадзенская ж майстэрня толькі пачынае працаваць і гатовая разглядаць розныя варыянты супрацоўніцтва. Стваральнікі велакухнi заклікаюць гарадзенцаў аддаваць непатрэбныя велазапчасткі, а таксама працоўныя прылады. Усё гэта ў будучыні спатрэбіцца веласіпедыстам.
У будучыні, каб прыцягнуць людзей, у веламайстэрні плануецца праводзіць профільныя мерапрыемствы і майстар-класаў.