“Чарнобыль не адпускае…” У Гродне паказалі фатаграфіі з жыцця людзей у зоне адчужэння

|

Трыццаць гадоў таму адбыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС, які падзяліў жыццё Беларусі на да і пасля. За гэты час нарадзілася мноства беларусаў, якія ўжо мала ведаюць пра тую трагедыю.

 

Фатограф Сяргей Курыла ездзіў у зону адчужэння два разы. У абодвух выпадках ён правёў там тыдзень. На здымках можна ўбачыць, што Чарнобыль – гэта не толькі знішчаны рэактар, але і людзі, якія засталіся там жыць. Гэта вёскі, засыпаныя зямлёй разам з дамамі. Гэта магілы, якія час ад часу хтосьці наведвае.

 

 

Сяргею ўдалося паказаць трагедыю праз вобразы і жыццё тых людзей, якія не пакінулі свае дамы.


“Так атрымалася, што летась воляй лёсу я трапіў на тэрыторыі, дзе калісьці былі адселены людзі. Бачыць даводзілася многае: людзей, якія не пакінулі свае дамы, некранутую дзесяцігоддзямі прыроду. Шмат давялося гутарыць з мясцовымі жыхарамі. Тое, што я там убачыў, прымусіла мяне задумацца, хто я і які ў мяне жыццёвы шлях”.

 

Сяргей лічыць, што за кароткі час, якi ён прабыў у зоне адчужэння, добры фотапраект зрабіць цяжка. Фатограф кажа, што пачатак пакладзены, і не выключана, што ён яшчэ туды вернецца.


“Чарнобыль не адпускае і цягне назад. Я ў Аляксеевіч чытаў, што гэтым месцам рухае нешта незвычайнае. Ці то пачуццё абавязку, быццам ты абавязаны там быць. Такіх эмоцый як там, такіх сапраўдных перажыванняў цяпер мала. Напэўна, праблема і робіць людзей людзьмі. Маё жыццё пасля паездкі змянілася, я як на вайне пабываў. Каштоўнасці памяняліся, цяпер на ўсе гляджу зусім інакш. Я зразумеў, што ў жыцці зараз важна – каб блізкія былі побач, і каб з імі ўсё было добра”.