“Лінію Карбышава” ля Кургана Славы ў Гродне адкрыюць 9 мая
У мінулым годзе распрацоўка фартыфікацыйных збудаванняў у памяць аб савецкім генерале Дзмітрыi Карбышаве пачалася ў канцы кастрычніка, але з-за дрэннага надвор’я і фінансавых цяжкасцяў аб’ект вырашылі адкласці. Вясной 2016 году сродкі для працягу работы знайшліся.
Па ўсіх законах фартыфікацыі на “Лініі Карбышава” будуць абсталяваны акопы пад танкі, ячэйкi для стралкоў і гранатамётчыка. На сцены акопаў пакладуць дошкі, а на дно цвёрдае каменнае пакрыццё, каб наведнікам камфортна было ў іх знаходзіцца. Не выключана, што ў наступным годзе ля абарончых збудаванняў з’явіцца і музей вайсковай славы.
Распрацоўкай плану акопаў займаюцца інжынеры з вайсковай часткі 51171, якая базуецца ў Ласосне.
Гістарычная даведка
У 1939 годзе на новых межах СССР пад пільным кіраўніцтвам генерала Дзмітрыя Карбышава спешна пачалі ўзводзіць лінію ўмацаванняў, якая атрымала неафіцыйную назву “Лініі Молатава”. У раёне Аўгустоўскага канала ў 1940-1941 гадах будавалі 68-ы Гродзенскі ўмацаваны раён.
Да пачатку вайны будаўніцтва не было скончана, доты прынялі на сябе ўдар ужо 22 чэрвеня 1941 года. Жорсткія баі ішлі там да 26 чэрвеня.
Менавіта з-за гераічнай абароны ў чэрвені 1941 года ў Гродне вырашылі ўшанаваць памяць генерала Карбышава, які ў жніўні 1941 гады патрапіў у палон да немцаў і ў наступстве быў замучаны ў канцлагеры. У Гродне ўжо ёсць вуліца яго імя, а таксама яго імя носіць школа №15.