У Гродзенскім раёне рыбакі б’юцца за добрыя месцы. Нават за тыя, дзе рыбачыць нельга
“Асноўная праблема ў тым, што ГЭС пабудавана без рыбавода, з-за гэтага перакрыты шлях для міграцыі рыбы ўверх па рацэ для нерасту”, – кажа Аляксей. Таму перад плацінай збіраецца рыбы, асабліва ляшча. Яе, па словах Аляксея, літаральна вывозяць мяшкамі. Паблізу турбазы Прыгодзічi на адным беразе і турбазы Пагараны на процілеглым, не знайсці свабодных месцаў. “Людзі ставяць намёты і ноччу ловяць. Інспекцыя ці то не рэагуе, ці то не паспявае рэагаваць на парушэнні”.
У адпаведнасці з п. 1 пастановы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ад 9 лiпеня 2014 года №31 забаронена аматарскае рыбалоўства на ўчастку Нёмана ад плаціны Гродзенскай ГЭС на адлегласці 1 км ўніз па рацэ да месца ўпадзення безназоўнага ручая ў Нёман да 1 ліпеня 2018 г. За парушэнні прадугледжаны штрафы ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь (4,2-10,5 млн рублёў) з канфіскацыяй прылад здабычы рыбы, або без канфіскацыі (на падставе ч. 1 арт. 15.35. КаАП).
Каб звярнуць увагу на праблему, гродзенец стварыў петыцыю, дзе выступіў за часовую забарону рыбалкі каля Гродзенскай ГЭС. Яе падпісалі ўжо больш за 270 рыбакоў. Калі Аляксей набярэ 500 подпісаў, ён адправіць вынік у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
“Рыбнадзору патрэбныя факты парушэння. Я ж змагаюся за тое, каб там забаранілі рыбалку наогул, а не толькі на час нерасту. Уявіце, што кожны са 100 чалавек кожны дзень, не парушаючы, зловіць нават не 5, а 3 кг рыбы. Праз пару гадоў хто нераставаць будзе? Рыбы пакуль яшчэ шмат, але, па маіх назіраннях, судака ўжо стала значна менш. ГЭС існуе толькі няпоўныя чатыры гады, а людзі дайшлі да таго, што дзеляць рыбныя месцы і нават б’юцца. Шмат хто казаў, што ля Прыгодзіч адбылася масавая бойка, дзе ўдзельнічала да 60 рыбакоў”, – кажа Аляксей.
У Гродзенскай абласной інспекцыи аховы жывёльнага і расліннага свету “Твайму стылю” сказалі, што праблема ў Гродзенскім раёне ім невядома. Па словах чыноўнікаў, рыбакі могуць хлусіць пра сітуацыю каля ГЭС.
У міліцыі пра масавую бойку рыбакоў таксама нічога не ведаюць. Але ў групах Вконтакте, прысвечаных рыбалцы, была інфармацыя як пра бойку гродзенскіх і ваўкавыскіх рыбакоў, так і пра масавы адлоў рыбы.
Пакуль яшчэ ёсць магчымасць, Аляксей прапануе ўвесці поўную забарону на лоўлю рыбы паблізу ГЭС на час нерасту. Ён лічыць, што па-іншаму нашы людзі не зразумеюць. Пакуль яшчэ рыбакоў якія падтрымліваюць ідэю Аляксея мала, але гродзенец не сумняваецца, што ў хуткім часе многія зразумеюць, што дадзеным адловам можна страціць усю рыбу.