Дзе была малітоўная школа і што такое брэндмаўэр: гарадзенскія школьнікі ўдзельнічалі ў краязнаўчай гульні “Я этим городом храним”

|

Пачаткова з-за ўмоў надвор’я гульню хацелі перанесці ў Цэнтр Творчасці Дзяцей і Моладзі. Але перад самым стартам сонца выглянула з-за хмар, што дало шанцы падлеткам бегаць не па кабінетах будынка, а па гістарычных мясцінах.

 

Згодна з традыцыяй у гульні прынялі ўдзел амаль усе школы горада. У гэтым годзе да гарадзенцаў далучылiся каманды з Дзятлаўскага раёна і Навагрудка.

 


“Узровень дзяцей застаецца ранейшым на працягу апошніх некалькіх гадоў. Але ёсць і лідзіруючыя каманды, якія нават са зменай пакаленняў працягваюць утрымліваць высокія пазіцыі. Радуе, што гульня сапраўды стала папулярнай сярод школьнікаў. 37 каманд – такога яшчэ не было ні разу. Мне падабаецца энтузіязм дзяцей. Менавіта тое, што яны гатовыя бегаць у дождж і мокры снег, пры гэтым радавацца самому працэсу гульні”, – распавёў краязнаўца і член журы Ігар Лапеха.

 

На некаторых кантрольных кропках, дзе калісьці былі храмы ці вядомыя дамы, цяпер выкарыстоўваюцца макеты, створаныя студэнтамі пад кіраўніцтвам Ігара Лапехi. Новаўвядзенне дапамагае школьнікам убачыць, як у свой час выглядала тая ці іншая частка горада.

 

 

Сёлета некаторыя кантрольныя кропкі выкарыстоўваліся ўпершыню. На іх узнікалі цяжкасці не толькі ў школьнікаў, але нават у некаторых членаў журы. Напрыклад, з’явілася кропка “Габрэйская малітоўная школа”, а таксама “Дом Вагнера”.

 

 

Адно з новых пытанняў звязана з Домам Вагнера:

 

У 1885 годзе, пасля чарговага пажару, у Гродне пачалі будаваць дамы па новым прынцыпе з даданнем новага архітэктурнага элемента. Гэта рабілася для таго, каб агонь не перакінуўся ад аднаго будынка да іншага. На прыкладзе Дома Вагнера трэба паказаць гэтую навінку канца ХІХ стагоддзя і сказаць, як яна называецца.

 

Адказ: Гэты элемент называецца брандмаўэр – каменная сцяна драўлянага будынка.

 

У гэтым годзе перамагла каманда гімназіі №4, другімі сталі хлопцы са школы №20. Трэцяе месца дасталося Цэнтру Творчасці Дзяцей і Моладзі Ленінскага Раёна “Спектр”.

 

Пераможцы гульні паедуць на экскурсію па Беларусі. Маршрут школьнікі выберуць самі. Прыз прадаставіў пераможцам аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама.