Мефістофель, што пачаўся з анёла. Ларыса Мікуліч у свой юбілей расказала пра спектаклі і лялькі

Самая крывавая ў Шэкспіра

 

Самай значнай са сваіх роляў Ларыса Мікуліч лічыць ледзі Макбет. “Гэта павучыха, што сваім павуціннем усіх абвівае і робіць усё, што захоча”. Гэтую п’есу лічаць самай крывавай у творчасці Шэкспіра. Акторка распавядае, што многія тэатры нават баяцца яе ставіць.

 

 

Кажуць, п’еса прыносіць праблемы ў тэатральнае жыццё, нешта пачынае здараецца з акторамі. Ларыса Мікуліч мяркуе, што прадухіліць такі ход падзей можа акторская шчырасць: “Трэба да гэтага матэрыялу вельмі чэсна ставіцца, быць адчувальным і трапяткім. Напэўна, тады і не будзе над табой гэтага мяча, што пагражае рассячы”. У сваёй гераіні, з-за якой пралілося так шмат крыві, акторка бычыць найперш жанчыну-дзіця.

 

 

Алег Алегавіч [Жюгжда] прапанаваў і я ўхапілася за гэта. Яна жанчына-дзіця па сутнасці. І вось з-за сваёй любові не ведае, што творыць”. Ларыса расказвае пра ледзі Макбет, якая хоча ўзнесці мужа на вяршыню: “Ёй здаецца – не важна, што па трупах”. Акторка разважае, чаму Бог не даў гераіні дзяцей. “Яны не нараджаюцца, паміраюць. Мо праз тое “вечна цяжарная ледзі” і нараджае павука – сваё нутро, сваё зерне. Але яна над гэтым нават не задумваецца, яна сама як дзіця – не важна колькі ёй гадоў – у яе псіхалогія дзіцяці”.

 

 

І толькі потым, калі ў адзін момант раптам прыходзіць разуменне, да чаго гэта прывяло, калі бачыць, што муж яе ўжо не слухае, а сам ідзе па трупах, гэта дзяўчынка, гэта жанчына-дзіця цверазее і ад таго сыходзіць з розуму. “Я шкадую яе, – кажа Ларыса, – не апраўдваю, проста – шкадую”. Бо ў жыцці таксама бываюць моманты, пра якія думаеш – калі б можна было вярнуць – ніколі б таго не паўтарыў.

 

Чаму Мефістофель – жанчына


Ігра ў п’есе “Фауст. Сны” скарыла акторку найперш “сілай літаратурнага матэрыяла”. “Гэта вельмі складады матэрыял, нават проста перачытаць усё было няпроста”.

 

 

Але вялікая праца мела свае вынікі. Па “эмацыйнай моцы, гукапісі вершаў, атмасферы” п’еса атрымалася вельмі моцнай. Ларыса Мікуліч у гэтым творы грае Мефістофеля. “Для мяне вельмі доўга было незразумела, чаму Мефістофель – жанчына. Але для Алега Алегавіча было важна, што ў гэтым вобразе, у гэтым характары змяшаныя абодва пачаткі – мужчынскае і жаночае. І таму ён так вырашыў”.

 

 

Разважаючы пра лёс гэтага спектакля, Ларыса Мікуліч узгадвае “ашаламляльны” прыём у Пецярбургу і больш стрыманы на захадзе. “У пастаноўцы ёсць “такая прыгажосць, такія нюансы, такія пераходы… Але мы іграем на рускай, і калі глядач не разумее мовы, гэта вялікая перашкода”.

  

 

 

Тройка, сямёрка … Ларыса Мікуліч!

 

Пра містычную “Пікавую даму” Ларыса кажа, што гэта блізкі ёй матэрыял. Дапамогай у працы над вобразам стала для акторкі опера. “Абажаю слухаць оперу. Таму што, напэўна, каштоўней музыкі нічога няма”. Яна расказвае, што музыка гэта звыклы шлях пранікнення ў матэрыял п’есы. “І “Макбет” балет глядзела, і Фаўста – усё што можна: і амерыканскую, і французскую і нямецкую оперы –  усё перагледжана. А з Пікавай дамай… гэта блізкае, чытанае… Так! Мне гэты вобраз цікавы”.

 

Гарадзенская “Пікавая дама” здабыла чарговае Гран-пры

 

 

Чысціня літаратурнага… “Дэмана”


Гэту пастаноўку Ларыса Мікуліч называе “літаратурным спектаклем”. Там, кажа яна, “нічога не адбываецца, па сутнасці: ёсць стол і за сталом мы чытаем гэты твор”. Але вельмі многія гледачы па сканчэнні спектакля падыходзяць, каб падзякаваць.

 

 

“Яны, напэўна, засумавалі па гэтай чысціні, па звону чыстага літаратурнага слова”. Што да сябя, то называе безумоўным шанцаваннем магчымасць працаваць з такім – чароўным і містычным – матэрыялам. Бо добра ведае – ёсць спектаклі, што ставяцца толькі каб “пахахміць”, пасля каторых нічога ў душы не застаецца.

 

 

 

Візіт старой дамы

 

Гэту працу Ларыса называе “складанай і цікавай”, а ляльку “дзіўнай”: “Велізарная і цяжкая. Фізічна не вельмі і можа дзейнічаць”. Гэта адна з задумак пастаноўшчыка Аляксея Леляўскага. “Так зроблена. Як знак”.

 

 

 

“Да кожнага прыдзе свая Старая Дама” – развагі рэжысёра пра прэм’ерную пастаноўку ў тэатры лялек (відэа)

 


Чай (і не толькі) на дваіх

 

Гэты спектакль без слоў, пастаўлены Алегам Жугждам, яны іграіць удвох з Ларысай Мікуліч. Каго ў час дзеі больш – мужа ці рэжысёра, жонкі ці акторкі – глядач кожны раз вырашае сам. У выкананні іх сямейнага і творчага дуэта пастаноўка выглядае асабліва кранальнай і трапяткой. Вечнай загадкай паўстае перад гледачом пытанне: што раскрывае кожны рух – майстарскую ігру актораў ці сапраўдныя пачуцці людзей, што хаваюцца за вобразамі і лялькамі.

 

 

Ларыса кажа, што зараз гэты важны для яе асабіста спектакль адкладзены ў “загашнік”: “Можа, час прыйдзе, мы яго ўспомнім”, – спадзяецца яна. Ва ўласны акторскі досвед “Чай на дваіх” прынёс разуменне, што ў тэатры лялькі – зусім не цацкі. “Лялька можа быць капрызнай. Яна можа ў нейкі момант адмовіць табе ва ўсім. Часам ідзе спектакль, яна працуе, працуе, працуе… Потым нешта адбываецца. Калі ламаецца, адвальваецца ножка-ручка, гэта яшчэ можна неяк абыграць. А тут – ніяк – яна не рухаецца, яна не жывая, яна не ходзіць”. Акурат балерына з “Чаю на дваіх” адносіцца да такіх “капрызных лялек”. У п’есе яна танцуе пад музыку Сен-Санса, але можа і адмовіцца. “Вядома, неяк выкручваемся. Але з ёю дакладна нешта незразумелае адбываецца”.

 

 

У час выступу з гэтым спектаклем на адным з фестываляў, у Харватыі, Ларыса і сама хацела адмовіцца выходзіць на сцэну.

 

“Перад намі выступаў амерыканец. Тэхнічны ўзровень яго лялек быў проста за мяжой разумення. У яго фігурыст катаўся на каньках! А тут нашы самаробныя лялькі, Алег Алегавіч пераважна сам іх рабіў, а мы ж не тэхнары… Калі я глядзела гэты спектакль, сказала Алегу Алегавічу – я не выйду. У нас такія “дубовыя” лялькі. А яшчэ калі балярына не станцуе, або тое не так, гэта не так… Мы былі ў жаху, насамрэч”.

 

Тое, што Алегу Жугжду ўдалося тым разам знайсці патрэбныя словы, вызначыла, напэўна, лёс не толькі таго выступа. Ён падышоў і сказаў: “Мы павінны браць нутром. Гэта  расійская школа, беларуская школа – тут “нутро” павінна быць. І мы гэтым  возьмем”. Спектакль яны адыгралі. А першым, хто падыйшоў павіншаваць з поспехам, быў той самы амерыканец.

 

“Што людзі скажуць” – акторская праца ў мужа-рэжысёра


Узгадваючы пачатак акторскай кар’еры ў Магілёўскім тэатры, Ларыса распавядае, што Аляксей Леляўскі (той самы, што пазней паставіў у Гродне “Візіт Старой дамы”) не вельмі ахвотна браў яе на ролі.

 

“Я думаю вельмі многа, разважаю, для мяне працэс працы над роляй вельмі працяглы – не магу адразу. Трэба ўсё асэнсаваць, дзесяць раз адрэпетаваць. Кожны рух, кожны жэст прадумаць”. Але перыяд пастаноўкі спектакля даволі кароткі і рэжысёр хоча ўзяць акторку, што робіць усё адразу. А такіх акторак, і добрых акторак – шмат. Даводзілася працаваць самастойна, каб было што прапанаваць рэжысёру.

 

Калі ж пасля ад’езду Леляўскага рэжысёрам стаў Алег Жугжда, то на працяглы час Ларыса наогул адышла ў цень: “Восем гадоў у мяне не было ніводнай цікавай ролі”. Кажа, “была маладой і неразумнай”, думала, што сорамна іграць у мужа-рэжысёра. Трэба, каб хто іншы, бо нязручна – маўляў, што людзі скажуць.

 

Кропку ў пакутлівых сумневах жонкі паставіў сам Жугжда. “Аднойчы, – узгадвае Ларыса, – ён проста сказаў: “Хопіць. Трэба працаваць”. У пастаноўцы “Рыгорка – ясна зорка” па п’есе Вярцінскага Ларыса атрымала ролю Анёла, а за яе выкананне на фестывалі Мінску (1990) – першую сваю ўзнагароду – дыплом за лепшую жаночую ролю.

 

 

“Зараз я не думаю, што скажуць, мяне гэта не сароміць”, – кажа яна. Ад таго выпадку прыйшло разуменне – калі даюць працаваць, то трэба гэта рабіць. Тым акторам, што хочуць працаваць з сур’ёзнымі ролямі, яна прапануе выкарыстаць спраўджаны спосаб: “Калі хто хоча сыграць, то на пачатку можа рабіць ролю самастойна і паказваць рэжысёру, як некалі рабіла я. А калі чалавек нічога не робіць, значыць яму гэта і не патрэбна. Мне было патрэбна”.