“Казакі ўжо даўно на гэтых землях, асабліва рускія”. У Гродне прайшоў фестываль славянскіх адзінаборстваў

Фестываль славянскіх баявых мастацтваў, на якім мераліся сілай больш за дзясятак клубаў, прайшоў 1 мая ля Кургана Славы ў Гродне. Падзея не сабрала вялікай колькасці гледачоў, як гэтага чакалі арганізатары. Гарадзенцы ў Вялікдзень аддалі перавагу сямейнаму хатняму адпачынку, ды і надвор’е не спрыяла імпрэзе.


Фестываль праходзіў два дні, але ўсе відовішчныя падзеі адбываліся акурат 1 мая. Там можна было ўбачыць майстэрскае валоданне сярэднявечнай зброяй, бітвы на мячах ды рукапашны бой. Навінкай сёлета стаў выступ гарадзенскага клуба страйкбалiстаў, якіх чамусьці прыпісалі да “славянскіх байцоў”.

 

Фестываль славянскіх адзінаборстваў на адзін дзень прынес у Гродна “Русский мир”

 


“Мы ўдзельнічалі ўпершыню, нас запрасілі. Быў і спецназ, і іншыя віды войскаў, яны з’ехалі, вось і мы выступілі. Мы паказвалі тактычныя элементы сучаснага бою”, – распавёў прадстаўнік клуба Сяргей.

 

 

У час выступу клубаў прадстаўнікі арганізацыі “Русь молодая”, якая выступае за яднанне народаў Расіі і Беларусі, раздавалі ўдзельнікам і гасцям фестывалю георгіеўскія стужкі. Ідэнтычную акцыю яны праводзілі летась.

 

 

У мінулым годзе яны не баяліся і адкрыта раздавалі шмат стужак, зараз іх менш і яны неяк хаваюцца. Мабыць, чагосьці баяцца…”, – падзяліўся меркаваннем адзін з гасцей фестывалю.

 

 

Пагутарыць з хлопцамі з “Русь молодая” не атрымалася – яны ўвесь час былі вельмі занятыя. Большасць людзей, да якіх яны падыходзілі, бралі стужачкі. Але былі і тыя, хто адмаўляўся. Такім чалавекам стаў гарадзенскi студэнт Яўген.


“Проста брыдка станавіцца ад раздачы гэтых стужак, мы ўжо імі наеліся. Хопіць, навошта? Ішоў на свята, а яны сапсавалі настрой”.

 

 

Актыўнічалі на фестывалі казакі, якіх з кожным годам становіцца тут усё больш. Гарадзенскі атаман Усевялікага войска данскога Міхаіл Іванавіч расказаў, што беларускія казакі гатовыя абараняць Беларусь у выпадку пагроз ад любога ворага. Нават і ад Расiі.


“Уступіць у нашы шэрагі нельга, мы можам толькі прыняць. Казацтва гэта лад жыцця і, перш за ўсё, праваслаўе. Мы існуем больш за тысячу гадоў і ніколі не былі захопнікамі, толькі ў скрайніх выпадках. Мне часта кажуць, што ў Гродзенскай вобласці ніколі не было казакоў. Дык я людзям кажу: паглядзіце на карту і пераканайцеся, што казакі ўжо даўно на гэтых землях жывуць. Асабліва рускія. Так, былі чорныя старонкі ў нашай гісторыі, але трэба забываць старыя крыўды і працягваць жыць. Нам не патрэбныя тут ні рускія, ні кітайцы, ні палякі. Мы беларусы і мы казакі, мы любім гэтую краіну і мы будзем яе абараняць ад каго заўгодна. Абараняць не ўлады, а народ, які мае права распараджацца сваёй краінай”.

 

Пасля гэтых словаў казака чамусьці забралі падалей яго калегі.

 

 


 

Фота: Саша Праўдзіна, Руслан Кулевіч