Штогод на сустрэчу з гарадзенцамі прыходзіць усё менш ветэранаў – сёлета іх было каля 20. Тых, хто ваяваў, сярод іх адзінкі, астатнія – дзеці вайны.
“Правільна, што робяць такія сустрэчы. Я вельмі шкадую, што гэта робіцца занадта позна, трэба было падобнае праводзіць значна раней. Нам ужо цяжка цягацца на такія мерапрыемствы, але я з задавальненнем іду, бо хачу расказаць маладым пра вайну, пра тыя жахі, якія мы прайшлі. Толькі так можна перадаць чалавеку тое, што бачыў сам, і што ніякі фільм не перадасць”, – кажа ветэран вайны Зінаіда Судакова.
На мерапрыемстве прагучалі ўрыўкі з твораў Васіля Быкава і Святланы Алексіевіч, а таксама вершы Ніла Гілевіча, Пімена Панчанкі ды іншых. Чыталі іх ветэран вайны Рыгор Абялеўскі, намеснік начальніка Гродзенскай памежнай групы Максім Літвінскі, а таксама прадстаўнікі гарадскіх і абласных арганізацый ды моладзь.
Акрамя чытання твораў ветэранам прапаноўвалі паслухаць песні пра вайну, а таксама патанцаваць з моладдзю.
“Для моладзі такія акцыі гэта скарб! Вельмі важна, пакуль яшчэ жывыя ветэраны і дзеці вайны, перадаць сучаснай моладзі гісторыі подзвігаў асоб, герояў. Таксама важна для моладзі пазнаёміцца з творамі пра вайну і знайсці для сябе аўтара, адкрыць нешта новае. Чытаць сёння – модна”, – распавёў кіраўнік культурна-гістарычнага праекта “Жывая гісторыя” Сяргей Іваноў.
Усім ветэранам на акцыі ўручылі падарункі ад Фонду міру.