На вуліцах Гродна ў 70-ы раз прайшла традыцыйная гарадская эстафета

Эстафета, якая ўжо стала неад’емнай часткай гарадскога жыцця, яшчэ раз даказала, што карыстаецца попытам у гарадзенцаў. У ёй прынялі ўдзел навучэнцы сярэдніх школ, гімназій, ліцэяў, сярэдне-спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, спартыўных клубаў, вышэйшых навучальных устаноў, а таксама калектывы фізічнай культуры прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый горада.

 

На дыстанцыі, пракладзенай па вуліцах горада, з першага этапу разгарнулася сур’ёзная барацьба. Да канца апошняга 14-га этапу ўдзельнікі трымалі гледачоў у напружанні. У выніковым заліку на першым месцы размясцілася, як і летась, каманда Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.

 

Прызы пераможцам эстафеты традыцыйна рыхтуе газета “Гродзенская праўда” – уласна яна, разам з упраўленнем спорту і турызму гарвыканкама, і з’яўляецца арганізатарам самых старых гарадзенскіх спаборніцтваў.


“Гродзенская праўда” лічыць справай гонару падтрымліваць традыцыю, якая ўзнікла ў першыя пасляваенныя гады. Яе заклалі нашы папярэднікі, і тым больш гэта важна для нас таму, што эстафета праходзіць у Дзень друку. Мы лічым, гэта не выпадкова, бо ў журналістыкі і ў спорту вельмі шмат агульнага. Перадусім, спартсмены, як і журналісты, усё хочуць зрабiць як мага хутчэй. Ім важна першымi дабегчы да фінішу, нам жа першымі данесці навіну да чытача”, – сказала намесніца галоўнага редактара газеты “Гродзенская праўда” Лілія Навіцкая.

 

Гродзенская эстафета бярэ пачатак з 1946 года і штогод праводзіцца ў Дзень друку. Спаборніцтвы сярод устаноў горада праходзяць у любое надвор’е.