У гэтым годзе замест ваеннай тэхнікі ў шэсці прыняў удзел “несмяротны полк”.
Падобнай акцыі ў Гродне яшчэ не было – каля 600 чалавек неслі фатаграфіі людзей, якія прымалі ўдзел у Другой Сусветнай вайне, але не дажылі да сёння. Да акцыі, арганізаванай грамадскімі арганізацыямі, падключыліся гарадзенцы розных узростаў.
Пенсіянерка Ала Віктараўна прынесла на акцыю партрэт свайго бацькі, які пайшоў ваяваць у 1941 годзе і не вярнуўся.
“Мой бацька сустрэў вайну ў Гродне і ў першыя дні вайны бясследна знік. Усё, што засталося ў нашай сям’і ад яго, дык гэта фатаграфія. І сёння нам вельмі прыемна ісці ў гэтай калоне разам з пераможцамі. Усё, што мы можам зрабіць для яго, дык гэта ўшанаваць памяць менавіта такім чынам. Ён жа таксама пераможца”.
З кожным годам ветэранаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, становіцца ўсё менш. Па словах старшыні аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, у мінулым годзе ў Гродзенскай вобласці пражывала яшчэ 1500 жывых баявых ветэранаў, у гэтым годзе іх засталося крыху больш за 1000.
Сярэдні ўзрост ветэранаў ўжо перасягнуў адзнаку ў 90 гадоў. Зараз у парадзе ўдзельнічаюць таксама ветэраны-афганцы. Яны не хаваюць таго, што ў будучыні менавіта могуць ісці наперадзе параду Перамогі.
Паглядзець парад у Гродне прыйшлі і кітайскія студэнты. Іх убачанае прыемна здзівіла.
“Нам вельмі спадабалася. Падобнае можна было ўбачыць у Кітаі ў мінулым годзе. Прыемна, што ў Беларусі так добра ставяцца да паважаных салдатаў. Вы шануюце подзвіг свайго народа”, – сказала студэнтка Му Юе.
Пасля мітынгу адбылося адкрыццё комплексу абарончых рубяжоў “Лінія Карбышава”. Вайскоўцы 6-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгады прадэманстравалі прысутным сучасны баявы эпізод – артылерыйскі налёт, атаку і абарону.
А вось абяцанай рэканструкцыі 1940-х гадоў гардзенцы так і не дачакаліся. Расчаравалі прысутных і байцы-разведчыкі, якія дэманстравалі паказальныя рукапашныя баі. Усё было б добра, каб не музыка, якую падабралі няўдала: у тэкстах песен можна было пачуць як мацюкі, так і выразы тыпу “Мы Россию защитим”.
Пасля выступлення прадстаўнік роты разведкі папрасіў прабачэння за музыку і сказаў, што такое ўжо не паўтарыцца.
Пасля ўрачыстай часткі і адкрыцця “Лініі Карбышава” гулянні перамясціліся ў цэнтр горада, дзе ўвечары гарадзенцаў будзе чакаць святочны салют.