Гарадзенскія чыноўнікі адплылі ў Друскенікі. Праз год, магчыма, паплывуць і звычайныя гарадзенцы
Па словах намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара Лісковіча, у маршруце зацікаўлены абодва бакі. “Сёння, перш за ўсё, будзе абмяркоўвацца магчымасць адраджэння суднаходства на Нёмане, у тым ліку з дапамогай сродкаў праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва”, – адзначыў чыноўнік.
Ужо праведзена пэўная падрыхтоўчая праца: на літоўскім баку ўладкаваны рачны пункт пропуску “Прывалка-Швендубрэ”, аналагічнае рашэнне плануецца рэалізаваць на беларускім баку.
У планах – набыццё маламерных судоў, развіццё турыстычнай інфраструктуры на берагах Нёмана. Для рэгулярнага воднага спалучэння неабходна таксама паглыбіць рэчышча.
“Калі ўсё будзе рэалізавана паспяхова, то ўжо ў наступным годзе турысты змогуць карыстацца новым маршрутам. Мы настроены сумесна з беларускім бокам развіваць перш за ўсё спадарожную інфраструктуру: прычалы, месцы адпачынку. Неабходна таксама вырашыць некалькі юрыдычных пытанняў, але, улічваючы цікавасць бакоў да праекту, доўгім гэты працэс не будзе”, – адзначыў дырэктар ДУ “Бюро Еўрарэгіёна “Нёман” у Марыямпале Гінтарас Скамарочус.
Гэта не першы такі пробны рэйс. У маі 2013 года “Вольга Соламава” гэтаксама перавезла абмежаваную колькасць пасажыраў з Гродна ў Друскенікі і тады таксама гаварылася пра хуткія перспектывы аднаўлення турыстычнага руху.
Беларусь і Літва сумесна з Польшчай прапрацоўваюць таксама турыстычны маршрут, які па Аўгустоўскім канале і Нёману пройдзе па тэрыторыі адразу трох дзяржаў. У перспектыве Нёман на беларускай і літоўскай баку можа стаць часткай гістарычнага маршруту “з варагаў у грэкі”.
Фота ілюстрацыйнае з архіву “Твайго стылю”