У Гродне будуюць новую пляцоўку для пляжнага футбола

Разам з традыцыйным футболам і міні-футболам, пляжны футбол у Гродне з года ў год умацоўвае пазіцыі і павялічвае колькасць прыхільнікаў. Ён развіваецца ў горадзе ўжо шэсць гадоў. Летась каманда “Гродна”, якая пазіцыянавалася як аматарская, здолела стаць срэбраным прызёрам чэмпіянату Беларусі.

 

За пяць гадоў існавання каманды ў футбалістаў не было сваёй нармальнай пляцоўкі, дзе яны маглі б годна прымаць супернікаў і гледачоў. Гэтую праблему збіраюцца вырашыць гарадскія ўлады.

 

Пляцоўка амаль цалкам гатовая і расчышчаная ад смецця. Засталося завезці пясок і паставіць бардзюры. Вышыня насыпу пяску павінна складаць 40 см, агулам патрэбна 450 тон пяску, які возьмуць з рачнога порту. Перад тым, як патрапіць у парк, пясок пройдзе праз адмысловае сіта. Канчатковыя тэрміны выканання пакуль невядомыя, але рабочыя абяцаюць усё зрабіць максімальна хутка.

 

Трэнер гарадзенскай каманды па пляжным футболе Васіль Савіч лічыць, што такая пляцоўка гораду неабходная, каб папулярызаваць у Гродне пляжны футбол.

 


“Гульня ў пляжны футбол дае дадатковае развіццё спартсменам, якія гуляюць і ў традыцыйны футбол. Тут змогуць трэніравацца ўсе футбалісты. Спартсмен, які грае ў вялікі футбол, але не здолее сябе праявіць у вялікім спорце, у горшым выпадку зможа паспрабаваць свае сілы ў пляжным футболе. Наша новая пляцоўка падрыхтуе многіх спартсменаў да ўмоў гульні на пяску”.

 

15 мая гарадзенскiя футбалісты пачынаюць новы сезон і першую гульню правядуць у Мазыры. Пакуль пляцоўка ў Гродне будуецца, хатнія гульні гарадзенскія футбалісты будуць праводзіць, як і раней, ва ўрочышчы “Пышкі”.

 

Плануецца, што яшчэ адна спартыўная пляцоўка з полем для пляжнага футбола з’явіцца на турбазе тытунёвай фабрыкі “Нёман”. Неўзабаве там пачнуцца будаўнічыя работы.