Вікінгаў у Гродне не будзе – экспедыцыю перанеслі на лета

“Мы перанеслі сваю экспедыцыю на пачатак ліпеня. Так атрымалася, што мы не здолелі сабраць усіх нашых удзельнікаў. Многія адмовіліся, у кагосьці не атрымалася. У плаванне магло адправіцца толькі каля 8 чалавек, а гэтага недастаткова”, – распавядае прадстаўнік суднаходнага праекта “Попутный ветер” Дзмітрый Вараноўскі. Рабочая каманда на дракары складаецца з 16 чалавек – 14 на вёслах і 2 наперадзе.


“Пакуль прыблізная дата прыезду ў Гродна – 7-8 ліпеня, але не факт, што мы здолеем да гэтага часу сабраць усю каманду”, – кажа Дзмітрый.

 

14-метровы “Яцвяг”, на якім у Гродна павінны былі прыплыць рэканструктары, зараз пастаянна знаходзіцца ў Нясвіжы і там карыстаецца попытам у турыстаў.

 

Каб адправіцца ў экспедыцыю, удзельнікам трэба добра патраціцца, бо спонсараў у праекта няма. Узнос з аднаго ўдзельніка – 350 долараў. У гэта ўваходзіць перавоз дракара па дарогах, харчаванне ды іншыя выдаткі.

 

Планавалася, што рэканструктары пераадолеюць шлях ад Нясвіжа да Балтыйскага мора і, па магчымасці, даплывуць да берагоў Нарвегіі. Таксама планавался па заканчэнні экспедыцыі выпусціць фільм аб плаванні дракара “Яцвяг”.