Малады рэстаўратар фотаздымкаў з Гродна дадае гісторыі колеру

Цікавасць да фотаздымкаў у Ягора з’явілася ў школьныя гады, калі яму ў рукі трапіў стары сямейны альбом у даволі дрэнным стане. Паколькі альбом трэба было неўзабаве аддаваць, хлопец перавёў усе фатаграфіі ў лічбавы варыянт, у надзеі аднавіць іх у будучыні.


“Выхад быў просты – адсканаваць. Калi усё было зроблена, а здымкi “пыліліся” на жорсткім дыску, з’явілася магчымасць падрабязна разгледзець іх. Дзесьці не было кавалка фота, дзесьці драпіны, расколіны, пажоўклыя плямы і так далей. Для эксперыменту па рэстаўрацыі я абраў адзiн здымак і там панеслася”, – распавядае Ягор пра своеасаблівы пераломны момант.

 

Leonard Smoke (1942 -…). Фатаграфія датуецца 1968-1970 гадамі і зроблена ў школе High School Pics (Нью-Ёрк). На гэтую работу ў Ягора сышло некалькі дзён.

 

Пазней занятак стаў чымсьці большым за хобі. Ягору спадабался не толькі самому атрымліваць задавальненне ад добрай працы, але і даваць радасць іншым. Хлопец стаў паглыблена асвойваць Photoshop, паступіў ва ўніверсітэт на факультэт матэматыкі і інфарматыкі, вывучаў відэазаняткі і стараўся развівацца.


“Шмат хто кажа, што лёгка адрэстаўраваць фатаграфію: сеў і зрабіў за пару хвілін. Па сутнасці, можна і так, але які атрымаецца вынік? Рэстаўрацыя гэта не месца каб спяшацца. Тут важная акуратнасць і ўменне бачыць дэталі. Для мяне кожны здымак у чымсьцi з’яўляецца складаным. Напрыклад, у некаторых фатаграфiях адсутнічаюць нейкія часткі. Іх трэба аднавіць у тым выглядзе, у якім яны калісьці былi. Некаторыя здымкi з часам набываюць розныя адценні і ўсё, што ёсць на фота, становіцца аднаго колеру, у такіх выпадках прыходзіцца ўручную каларызаваць”.


Дзмітрый Маркоўскі – рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы (тады яшчэ Педагагічны інстытут) у 1955-1973 гг. У гонар яго ў галоўным корпусе названая імянная аўдыторыя 226. Працу Ягор рабіў для музея ўніверсітэта.

 

Сёння, дзякуючы інфармацыі ў інтэрнэце, можна даведацца якога колеру быў мундзір у салдата канца XIX стагоддзя, якія былі пагоны, медалі і многае іншае. Гэтай інфармацыяй і карыстаўся Ягор. Пасля першых удалых работ гарадзенец стаў выкладваць фатаграфіі ў сацыяльныя сеткі, дзе яго творчасць ацанілі і пачалі прапаноўваць свае старыя здымкі для апрацоўкі. Хлопец ахвотна згаджаўся і яму гэта падабалася. Асабліва сачыць за эмоцыямі людзей, калі яны атрымлівалі новы “адроджаны” здымак. Некаторыя нават плакалі.

 

На фота бацька сяброўкі Ягора. Гэтую работу гарадзенец рабіў доўга, бо яшчэ не меў графічнага планшэта


“Прыемна кантраляваць працэс ад пачатку да канца. У мяне свая тэхніка апрацоўкі і, калі робіш усё сам, не трэба падстройвацца пад той зыходны матэрыял, які табе дашлюць. У будучыні планую таксама займацца рэстаўрацый, толькі з больш складанымі здымкамі. Для мяне важна не колькасць, а якасць і вынік. Зараз асвойваю працу наўпрост з плёнкай – гэта нешта новае для мяне. Тут ужо працуеш не проста з нейкай карцінкай на экране, а з жывой гісторыяй”.


Рэстаўрацыя фотастужкі. Праца ў Ягора заняла тыдзень

 

Яшчэ да таго, як заняцца рэстаўрацыяй фота, Ягор захапляўся гісторыяй. Калі ён пачынаў доўга працаваць з нейкім здымкам і паглыбляўся ў яго гісторыю, то бачыў ўсе дэталі. Было некалькі выпадкаў, калі пасля рэстаўрацыі аказвалася, што на фота зусім не тое, што меркавалася дагэтуль. Так, напрыклад, быў здымак, дзе студэнт трымаў у зубах нейкія паперкі, але як аказалася пазней, гэта былі грошы.


“Калі на здымку ў чалавека дзірка на твары, то бярэцца іншая частка твару і не проста адлюстроўваецца, бо было б прыкметна, а яшчэ крыху змяняецца. З колерам я не ведаю, як растлумачыць. Я проста ўяўляю, як бы выглядаў здымак у колеры і малюю. Толькі калі патрэбная асаблівая дакладнасць, у ваеннай форме, напрыклад, тады ўжо прытрымліваюся нейкіх стандартаў”.


Малавядомая амерыканская акторка Gladman Joyce. На працу сышло чатыры дні.

 

Раней Ягор займаўся са здымкамі на камп’ютары, нядаўна ж ён набыў сабе графічны планшэт – гэта палепшыла яго работы. Сам хлопец вучыцца на трэцім курсе і дзякуючы вучобе асвоіў шмат новых магчымасцяў. Пакуль ён не зарабляе грошы на здымках, але плануе выходзіць на акупнасць. Напрыклад, на Захадзе за такую працу майстра бяруць ад 20 долараў і вышэй. Ягор таксама хацеў бы аддаваць свайму хобі цэлы працоўны дзень.