“Зброя-злото-наркотЫкі”: гарадзенскую версію “Палескіх рабінзонаў” паказалі ўнучцы Коласа і Маўра на “Мова Нанова”

align=”” width=”725″ height=”483″ >



Дзесяць хвілін на “Оскар”


Роўна столькі часу мелі наведвальнікі занятку, каб радрыхтаваць пастаноўку па ўрыўках з “Новай зямлі” і “Палескіх рабінзонаў”. Але ж – не будзь тое студэнты. У выніку паспелі і ролі размеркаваць, і сцэнаграфію прадумаць. А Інга, што выконвала ролю Віцькі з “рабінзонаў”, так увайшла ў ролю, што нават даімправізавала сюжэт Янкі Маўра на сучасны гарадзенскі лад.

 

 

У ролі дзяцей з “Новай зямлі” навучэнцы таксама адчувалі сябе цалкам натуральна, бо за час заняткаў і сапраўды сталі як родныя адно аднаму.

 

 

У падарунак за творчы падыход да справы лепшыя выканаўцы атрымалі кнігі “20 крокаў да беларускай мовы”.

 

 

У канцы заняткаў Марыя Міцкевіч адказала на пытанні пра штодзённасць і побыт ў сям’і, што сабрала разам дзяцей двух народных пісьменнікаў. Перакажам пяць найбольш цікавых фактаў.

 

Дзядзька Антось і шэраг нежанатых дзядькаў


Пратапытам дзядзькі Антося ў “Новай зямлі” стаў рэальны чалавек, брат бацькі Якуба Коласа. І ўвогуле, у сям’і так склалася, што амаль заўсёды быў такі “нежанаты дзядзька”, што дапамагаў справіцца з працай на зямлі і з выхаваннем дзяцей. Такім чалавекам якраз і быў дзядзька Антось. Пазней атрымалася падобнае і ў сям’і самога Коласа. Калі ён ажаніўся, з імі стаў жыць нежанаты брат жонкі, дзядзя Саша. Зараз нежанаты родны брат жыве і з сям’ёй Марыі Міцкевіч, дапамагае выхоўваць ужо ўнукаў. Такая вось склалася пераемнасць.

 



За сачыненне ад Янкі Маўра – тройка


Аднаго разу брату задалі на дом сачыненне, і ён папрасіў дзеда-пісьменніка Янку Маўра дапамагчы яму зрабіць працу. Дзед і праўда дапамог – нават больш – вырашыў падправіць дзіцячую творчасць. У выніку настаўніца ацаніла сачыненне на тройку, і асабліва выдзеліла чырвоным акурат тыя радкі, што дапісаў пісьменнік. Янка Маўр страшна пакрыўдзіўся, хацеў нават ісці ў школу, разбірацца з настаўніцай – насілу яго супакоілі.

 

 

 

Чыя галава?


Калі была яшчэ малая, да нас у дом заходзіў скульптар Заір Азгур. Якуб Колас яго падтрымліваў, плаціў яму стыпендыю, калі той быў яшчэ малады. Азгур і аднаго майго дзядулю ляпіў, і другога. Калі мы пазнаёміліся, ён па-скульптарску маю дзіцячую галаву абмацаў, каб вызначыць, на чыю больш падобная. Сказаў, што мая – больш маўраўская.

  



Жаваранак і сава


З Коласам мы жылі разам. Той дом, дзе зараз музей у Мінску, на Акадэмічнай, 5 – там жыла сам’я Коласа – ён сам і сыны – Даніла і Міхась, мой бацька, з жонкамі і дзецьмі. А да Маўра ўжо хадзілі ў госці.  Колас любіў піць гарбату са шклянкі і з лімонам. Але не ўвечары – ён вельмі рана клаўся спаць. І ўставаў вельмі рана.  Спачатку любіў выйсці, зрабіць нешта на падворку – папілаваць дровы, ці дрэва пасадзіць. Янка Маўр, у адрозненні ад яго, працаваць пачынаў, калі ўсе засыналі. Тады сядзеў, пісаў, яму так ніхто не замінаў. Па тыпу яны былі зусім розныя.

 

 

 

Эсперанта ледзь не забіла, а творчасць уратавала


Янка Маўр быў ганаровым старшынёй Саюза беларускіх эсперантыстаў. Тады яны вельмі шмат працавалі і рыхтавалі шмат кніжак. Гэта ідэя была вельмі папулярнай. Лічылася, калі працоўныя ўсяго свету будуць размаўляць на адной мове, то пралетарыі ўсіх краін хутчэй аб’яднаюцца. Таму гэта ўхвалялася. Але надыйшоў трыдцаць сёмы і ўсе эсперантысты сталі ворагамі норода – шмат з іх загінула. Прыйшла такая позва і да Маўра, яго выклікалі. Калі ён збіраўся, то разумеў, што можа ўжо не вернецца. Нават гадзіннік свой з рукі зняў і аддаў старэйшаму сыну Фёдару. Але патрапіў да следчага, які чытаў яго творы. Калі той даведаўся, што перад ім пісьменнік Янка Маўр, то адпусціў. Вось так творчасць літаральна выратавала яго.

 

 

Здымкі аўтаркі