Відэафакт: Віцебскі экстрэмал ацаніў высоткі Гродна

“Многія людзі лічаць маё хобі дзікім, лічаць мяне неадэкватным або вар’ятам. Але для мяне вышыня – гэта як наркотык. Там, наверсе, я адчуваю адрэналін і адчуваю неймаверныя эмоцыі”, – кажа Міхаіл.

 

Апошнім часам малады чалавек стаў часцей наведваць высоткі, бо завёў уласны канал, прысвечаны тэматыцы руферства.

 

 

Руферы – сучасная гарадская субкультура, прыхільнікі якой наведваюць дахі розных збудаванняў. Руферства з’яўляецца відам сталкерства, якое заключаецца ў праніканні і даследаванні цяжкадаступных аб’ектаў.

 

“Я думаю, гэта ўсё менавіта дзеля эмоцый, я быццам кідаю выклік гэтай вышыні і ўсім, хто лічыць гэта ненармальным. Мне вельмі спадабаўся Гродна з вышыні птушынага палёту – вельмі прыгожыя віды. Менавіта гэтая рознаўзроўневасць горада – гэта ўсё дадае свае незабыўныя эмоцыі”.

 

 

Міхаіл распавядае, што хадзіць па краі даху яму не страшна. У такія моманты адрэналін і эмоцыі глушаць і падтупліваюць страх. Але экстрэмал адзначае, што на вышыні не варта губляць здаровы сэнс – трэба абавязкова сябе кантраляваць.

 

“Я планую працягваць гэта хобі – наведваць усё больш высокія дамы. Мэтай на бліжэйшы час стаўлю залезці на тэлевышку вышынёй 250 метраў”.