Праз 75 гадоў: гарадзенскія пашукавікі перадалі сваякам парэшткі чырвонаармейца з Растоўскай вобласці
Чырвонаармеец Кузьмінаў служыў у 148-й стралковай дывізіі. Яго прызвалі ў чэрвені 1941, апошні ліст быў датаваны вераснем таго ж года. У 1942 годзе салдат быў прызнаны зніклым без вестак. Як нядаўна высветлілася – трапіў у палон.
Для ўстанаўлення імёнаў загінуўшых і зніклых без вестак у гады вайны ў Гродне пастаянна праводзяцца гісторыка-архіўныя пошукі, даследчыя і пошукавыя працы. У выніку гэтых работ у мікрараёне Фолюш ужо не першы год знаходзяць масавыя пахаванні ваеннапалонных лагера смерці Шталаг 324. За час існавання лагера праз яго прайшло звыш 36 тысяч чалавек. Больш за 14 тысяч былі пахаваныя ў 68 ямах-магілах. У гэтых пахаваннях былі і парэшткі шараговага Аляксандра Кузьмінава.
Парэшткі жаўнера перадалі яго ўнучатаму пляменніку Станіславу, які завязе іх у Растоўскую вобласць і там урачыста пахавае.
“Дзеда ў сям’і ніколі не забывалі, толькі не ведалі, дзе ён загінуў. Дзякуючы беларускаму ўпраўленню па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, на нашу сям’ю выйшлі расiйскія прадстаўнікі пошукавага атрада, якія паведамілі, што ў горадзе на захадзе Беларусi знайшлі парэшткі нашага сваяка. Было вельмі прыемна атрымаць такія навіны, але ў нашай сям’і ўжо практычна нікога не засталося, хто памятаў бы таго маладога Аляксандра. Засталося толькі адна фатаграфія”.
Салдаты 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна пад кіраўніцтвам маёра Паўла Галецкага за два гады ў раёне Фолюша эксгумавалі 2615 парэшткаў. Па знойдзеных салдацкіх медальёнах і жэтонах ваеннапалонных устаноўлена 305 імёнаў. Пошукавыя работы працягваюцца.
Пошуковы атрад знаходзiць сярод парэштак шмат жэтонаў, але большасць з іх пустыя. У жаўнераў было павер’е: калі пакласці свае дадзеныя ў капсулу, то абавязкова памрэш. Вось з-за такога павер’я зараз практычна нерэальна апазнаць салдат.
Пры даследаванні астанкаў Аляксандра Кузьмінава пошукавы атрад знайшоў цэлую капсулу
У мінулым годзе для перапахавання на радзіме сваякам былі перададзеныя астанкі чырвонаармейца Фёдара Прохарава, які лічыўся зніклым без вестак у 1942 годзе пад Вязьмай. Пахавалі яго ў Калужскай вобласці, побач з магілай жонкі.
Гістарычная даведка
Канцлагер Шталаг №324 дзейнічаў з ліпеня 1941 года па восень 1942 г. Ён размяшчаўся на плошчы каля 50 гектараў. На ўскраіне былога ваеннага гарадка Фолюш калючым дротам быў абгароджаны ўчастак поля і лесу, які стаў магілай для дзясяткаў тысяч байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, якія памерлi ад ран, голаду і хвароб, а таксама ад рук фашысцкіх катаў. У лагеры палонныя выкапалі 96 паўзямлянак, кожная памерам 6х25 метраў і вышынёй 3 метры.