Ізраіль – месца, куды хочацца вяртацца. Як выбраць тур, транспарт і калі слухаць папугая
Дзень I
Наша падарожжа пачалося з другой паловы красавіка, акурат там скончыўся сезон дажджоў (у гэтым годзе крыху зацягнуўся). Водар, квецень, бясконцая зеляніна – першае, што сустрэла і ўразіла. Здавалася, гэтым паветрам немагчыма надыхацца.
Парада 1.
Перш чым выбраць дату побыту ў Ізраілі, паглядзіце надвор’е. Самымі лепшымі месяцамі лічацца: сакавік, красавік, лістапад. Астатнія месяцы: пачатак каляндарнага года – дождж, а пасля сакавіка – спёка. Нават калі трапілі ў дождж, то парасон вас не выратуе, бярыце дажджавікі, гумовыя боты і дадатковае адзенне.
Прыляцеў самалёт у Тэль-Авіў, аэрапорт Бэн-Гурыён. Там вы не згубіцеся, не бойцеся, што не валодаеце мовай. Шыльды, канешне на іўрыце, але дублююцца ангельскай. Рускую мову чуваць шмат. Пагэтаму, спытаць што і як вельмі проста.
Людзі ветлівыя, з радасцю падказваюць і дапамагаюць. У іх нават існуе павер’е, што дапамога залічваецца ў іх скарбонку і гэта нават гонар – дапамагчы.
З памежнікамі на пашпартным пункце лепш не жартаваць, кажыце дакладна куды едзеце, да каго, якая мэта вашай вандроўкі. Могуць спытаць адрас і перапытаць яшчэ 1-2 разы. Спакойна паўтарыце адрас. Вам выдадуць унутраны “пашпарт”, які трэба захоўваць да ад’езду з краіны. Прайшлі? Свабода! Атрымлівайце асалоду з усяго, страляйце вочкамі, не стрымлівайце эмоцыі, рабіце фота.
Я дык не вытрывала і калі ўбачыла ўпершыню пальмы спытала: “Гэта жывыя?!” – “У нас усё натуральнае,” – з гонарам адказала ізраільцянка.
Валюта краіны – шэкелі (рублі) і агароды (капейкі). Курс прыкладна 3,73-3,77$.
Парада 2
Пры выбары транспарту будзьце ўважлівыя: таксісты любяць таксама зарабіць, а перад святамі цэны аўтаматычна павялічваюцца не толькі ў таксістаў, але і ў крамах і на базарах. Калі будзе выбар паміж маршруткай і аўтобусам (кошты адрозніваюцца прыкладна ў два разы), то выбірайце аўтобус, па часе яны едуць амаль аднолькава. І кандыцыянеры працуюць у гарадскім транспарце. А яшчэ аўтобусы, калі няма жадаючых выйсці/увайсці, таксама не спыняюцца на прыпынках проста так. Ды й у гарадскім транспарце пачуеце размовы і нават спевы мясцовых жыхароў.
У аэрапорце нас сутрэла жыхарка Ізраіля Рэгіна, таму клопатамі “даехаць” былі пазбаўленыя. Была палова на дзясятую вечара і ехалі па начным Тэль-Авіве, накіроўваючыся ў Петах-Цікву – гэта горад-спадарожнік Тэль-Авіва. Такіх гарадоў-спадарожнікаў шмат і нават не заўважаеш, калі пераязджаеш з аднаго ў другі. Нават самі жыхары часам блытаюцца ў якім яны горадзе.
Дзень II
Хочаш добра жыць – трэба шмат працаваць і вельмі часта ізраільцяне працуюць на некалькіх працах, асабліва тыя, хто жыве ў іпатэку (кватэра, машына). А без машыны цяжка – там ездзіць на працу за 100 км у адзін бок лічыцца амаль нормай. Некаторыя кампаніі спансуюць паліва, а некаторыя даюць аўто, праўда, нешта вылічваюць з заробку. Пакуль не адыйшла ад тэмы машын – 90-95% аўтамабіляў новыя. Як патлумачыла наша знаёмая, тут не прынята рамантаваць аўто самастойна, прасцей адагнаць у гараж (так яны называюць аўтамайстэрні) і калі прыедзеш на машыне “крыху ва ўжытку”, то толькі за “Добры дзень” можаш заплаціць 300 шэкеляў (прыкладна 80 даляраў).
Панарама Іерусаліма
Што яшчэ падалося цікавым – большасць машын падрапаныя (нават новыя): то бампер, то дзверы, але на гэтыя дробязі ніхто не звяртае ўвагі. А вось знайсці месца для паркоўкі цяжка. Калі нехта бачыў ролік з сеціва, як машына паркуецца паміж аўто: то наперадзе падсуне, то ззаду і ўрэшце рэшт дзіву даешся – як тут стала, то гэта пра ізраільцян. Ехаць па аб’яздной горада з хуткасцю 110 км/г – норма.
Пра працу. Тут прачынаюцца вельмі рана – 5.00, 5.30, бо а 6.00 трэба выходзіць на транспарт. Мы таксама прачыналіся рана, бо любы збор на экскурсію пачынаўся ў 6.45! Але аб гэтым пазней.
Парада 3
Хочаце паслухаць папугая – прачніцеся хоць раз 3.50-4.30 раніцы, менавіта тады яны пачынаюць свой спеў, але не пазней 5.45. Калі ж хочаце ўбачыць, то шукайце вачыма маланкавых птушак з доўгімі хвастамі. Яны вельмі хутка лётаюць!
Наша знаёмая Рэгіна паклапацілася пра нас і дала нам пасля дарогі крыху адпачнуць да 8.00. Да гэтага часу яна паспела з’ездзіць на аўтасэрвіс, памяняць грошы на мясцовую валюту і набыць экскурсію на заўтра.
Парада 4
Ніколі не выходзьце на вуліцу без вады! Там такое паветра, што можаце не адчуць, як арганізм абязвожваецца. Нават, калі піць не хочацца – зрабіце глыток вады!
У 9.00 мы рушылі на мора! Міжземнае мора – празрыстае, чыстае! Мы адкрывалі сезон, бо яшчэ дзень-два таму былі дажджы. На пясчаным пляжы вельмі акуратна, паўсюль стаяць празрыстыя сметнікі. Ні разу не бачыла іх нават напалову поўнымі, тут за гэтым сочаць. Невялікі драбнюткія стайкі рыбак могуць вас суправаджаць у вадзе. Не бойцеся. Са слоў Рэгіны, у чэрвені-ліпені тут мноства медуз, прычым вялікіх, часам не зайсці ў ваду. Але нас гэта абмінула. На пляжы можна стаць пад штучны дожджык з прэснай вадою.
Пустынны Ізраіль
Парада 5
Не набываце марозіва, сокі, ваду на пляжы і побач, кошты могуць быць прыкладна ў 3-5 разоў большыя. Рабіце гэта загадзя, паклаўшы ў тэрмапакеты з лёдам.
Больш 2-3 гадзін на сонцы лепш не быць, небяспечна для здароўя. І мы рушылі дадому. Па абедзе пазнаёміліся з горадам і месцам, адкуль ужо заўтра паедзем на экскурсію.
Частка ІІ. Як выбраць экскусію, чым адрозніваецца аўтобус ад маршруткі і хто прыносіць удачу