Ізраіль – месца, куды хочацца вяртацца. Як выбраць экскусію, чым адрозніваецца аўтобус ад маршруткі і хто прыносіць удачу

Частка І. Як выбраць тур, транспарт і калі слухаць папугая

 

Як выбраць правільна тураператара? У мяне няма на мэце кагосьці рэкламаваць, адзінае скажу, што можаце забіць у інтэрнэце і ўсё знойдзеце, але навошта пераплачваць у два разы? Калі мы шукалі ў сеціве, то цэны нас здзівілі і на першы погляд нам здалося, што больш дзвюх-трох экскурсій не пацягнем – на чалавека прыкладна 50-60$.

 

Не спяшайцеся! Па якім прынцыпе працуюць турыстычныя фірмы? Адна фірма можа паўдні збіраць жадаючых па гарадах-спадарожніках (і не толькі) і толькі на астатнія паўдні везці на экскурсію, а потым да ночы развозіць. Другая фірма некалькімі аўтобусамі збірае з розных гарадоў жадаючых, падвозіць у адзіны пункт збору, а там размяркоўвае па накірунках.

 

Напрыклад, вы прыехалі ў Петах-Цікву і хочаце ў Віфліем, хтосьці з Петах-Ціквы хоча на Мёртвае мора, усе сядаюць у адзін аўтобус на прызначаным прыпынку ў Петах-Цікве і едуць у Тэль-Авіў. Там будуць чакаць яшчэ такія ж 3-4 аўтобусы з іншых накірункаў. У Тэль-Авіве будзе так званая сартыроўка: Віфліем – аўтобус №…, Мёрвае мора – №… Ад’езд а 8.00, а ў 19.00 зноў з’язджаюцца ў Тэль-Авіў і ўсіх развозяць па тых жа месцах збору.


Парада 6

 

Пры выбары тураператара абярыце “ILANA TRAVEL”, аўтобусы “МЕТРОКЛАБ”. Па-першае, кошты на чалавека прыкладна 25$, а па-другое, менавіта яны вельмі клапоцяцца пра турыстаў, працуюць шчыра, з 8.00 да 19.00 вас суправаджае экскурсавод! І ў гэтай кампаніі дэталёва прадуманы накірунак. І вы не будзеце паўдні проста збіраць жадаючых на экскурсію па краіне.



Дзень III

 

6.35 раніцы мы на прыпынку чакаем аўтобуса на нашу першую экскурсію. У 6.45 па спісе праверылі кожнага, едзем у накірунку Тэль-Авіва. Здараюцца і гумарыстычныя выпадкі пры пасадцы: кіроўца пытае ў турыста – куды едзеце на экскурсію? Адказ: у Ізраіль.

 

А 8.00 мы накіраваліся на экскурсію. Канешне, гэта Іерусалім. Абавязкова наведайце гэтае цудоўнае месца! Вам пакажуць Гефсіманскі сад, Кувуклію Гасподнію, Галгофу, Сцяну Плачу і г.д.

 


Цікава! У Гефсіманскім садзе захавалася восем маслянічных дрэў, якім больш 2000 гадоў! Такім чынам, ёсць спадзеў, што карані памятаюць Ісуса.



Парада 7

 

Па любых Святых мясцінах – адзенне павінна быць адпаведнае: жанчынам і мужчынам калені і плечы закрытымі. У жанчын на галаве павінна быць  хустка або шалік.

 

 

Парада 8.

 

Не спяшайцеся набываць дробныя сувеніры на экскурсіях, там кошты значна вышэй, падобныя рэчы можна знайсці і ў гарадах, дзе размясціліся. Гэта не тычыцца свечак, званочкаў і рэчаў, якія набываеце для сябе. Бо свечкі – адразу запаліце жыватворным агнём, а, напрыклад, сувеніры будуць памятныя толькі для вас менавіта з гэтага месца.



Дзень IV

 

Самастойная выцечка на мора і ў горад. Менавіта тут мы ўбачылі, што розніца паміж маршруткай і гарадскім аўтобусам толькі коштам, а па часе амаль няма. Вечарам (гэта была серада) мы пайшлі на базар, каб купіць усё неабходнае на выходныя. У суботу (шабат) большасць крамаў зачынена і ўсе прыходзяць загадзя набыць прадукты.

 

Дзень V

 

Ізраіль – невялікая краіна, яе можна праехаць уздоўж і ўпоперак за адзін-два дні. Прыкладна ў 10 разоў меншая за Беларусь. Святая Зямля мае сем кліматычных зон, што дазваляе вырошчваць амаль усе культуры. У красавіку ўжо зжалі першы ўраджай, пачалі з’яўляцца дыні і кавуны. А мы едзем у Іарданію: Назарэт, Галілею, Капернаўм і, канешне, правялі амавенне ў Іардане.

 

Прыемна было ўбачыць і падарунак з Беларусі ў Назарэце (глядзіце самае першае фота артыкула).

 

Па дарозе мы бачылі сады цытрусавых, плантацыі бананаў.

 

Дзень VI

 

Пятніца. Раніцай з’ездзілі ў парк “Утопія”. Гэта непадалёку ад Нятаніі. Чым адметнае гэтае месца? Там трапічны дажджавы лес, з тысячамі архідэй, мноствам жывёл і птушак, вялізная калекцыя кактусаў і ружаў.

 

Цікава! Ізраільцяне лічаць, калі вам удалося ўбачыць саламандра, то чакайце ўдачу! А хто знойдзе на фота саламандра?

 

 

Па абедзе – падрыхтоўка да вячэры. Пасля ўзыходу першай зоркі сядаем за святочны стол. Прысмакі з мацонай мукі (не пшанічнай) і толькі кашэрная ежа. Што гэта такое? Можаце, канешне, пачытаць – зараз крыніц хапае.

 

Але для мяне было дзіўным наступнае: мясныя і малочныя прадукты ні варыць, ні ёсці разам нельга; посуд для гэтых відаў ежы павінен апрацоўвацца і захоўвацца асобна. Пасля мясных страў можна есці малочныя толькі па сканчэнні пяці-шасці гадзін. А рыба лічыцца кашэрнай тая, што мае плаўнікі і луску.


Цікава! Калі вы хочаце пераехаць у Ізраіль – шукайце “мясцовыя” ізраільскія карані. Там запрашаюць рэпатрыянтаў, дапамогуць з пражываннем і фінансавай часткай. Ёсць другі варыянт – выйсці замуж ці ажаніцца. Ізраільцянам не забаронена жаніцца з замежнікамі, але неабходна прадставіць акрамя пашпартоў нават ліставанне, дзе будуць паказаны адносіны. Больш таго, маладзёнаў могуць на працягу года прыйсці і праверыць, на наяўнасць вядзення сумеснай гаспадаркі, узаемаадносін сямейнага жыцця. 

 

Частка ІІІ. Стары горад Яффы, бедуіны і як ратуюць Мёртвае мора