Ізраіль – месца, куды хочацца вяртацца. Стары горад Яффы, бедуіны і як ратуюць Мёртвае мора
Частка І. Як выбраць тур, транспарт і калі слухаць папугая
Частка ІІ. Як выбраць экскусію, чым адрозніваецца аўтобус ад маршруткі і хто прыносіць удачу
Дзень VIІ
Наведванне Бахайскіх садоў (на фота наверсе). Яны размешчаны на беразе Міжземнага мора паблізу порта Хайфа. Сады здзіўляюць сваёй прыгажосцю і аздобленасцю. Такое ўражанне, што нават да сантыметра вымерана трава. Ва ўсім захоўваецца сіметрыя. Сочаць за гэтым прыхільнікі і паслядоўнікі бахайскай веры і ахвяраванні на падтрыманне чысціні і парадку прымаюцца толькі ад прыхаджан веры Бахаі.
Комплекс цягнецца на вышыню каля кіламетра (гара Кармель), больш 700 прыступак. А ў падножжы знаходзіцца пахавальня Баба. Цікава, што турыстам можна абсалютна бясплатна крочыць уніз па прыступках, а наверх можна ісці толькі паломнікам-бахаі.
Рухаючыся з Хайфы, заедзьце ў Кесарыю Палесцінскую – старажытны горад, які заснаваў цар Ірад Вялікі. Там зможаце ўбачыць іпадром – пазней перабудаваны ў амфітэатр – месца правядзення гладыятарскіх баёў. Нават засталася частка брамы, адкуль выязджалі калясніцы. Ды й увогуле цікава: і пра 7-кіламетровы вадаправод, які зрабілі да нашай эры.
Дзень VIІІ
Нельга быць у Ізраілі і не заехаць на Мёртвае мора, якое ўтрымлівае элементы амаль усёй табліцы Мендзялеева. (Фота “Небяспечнае Мёртвае мора”).
Хтосьці едзе паглядзець на цуда-прыроды, а хтосьці, каб быць здаравейшым.
Думаю, што вам вядома, або чулі, што штогод мора высыхае на 1-1,5 метры.
Але ізраільцяне ўжо пачалі працаваць над праектам, каб прадухіліць страту гэтага цуда, – цягнуць трубапровад з Чырвонага мора.
Да гэтага часу для мяне Ізраіль быў зялёнай краінай, дзе амаль усё пасаджана і створана рукамі чалавека. Нават лясы, што пакрываюць краіну цалкам, пранізаны вадаправоднымі шлангамі. Усё літаральна: лес, узбярэжжы мора, узбочыны дарог, квецень і расліннасць у гарадах і кібуцах – да ўсяго падведзена вада, усё арашаецца кропельным палівам, кожныя 40 хвілін дрэўца, кветачка атрымліваюць сваю порцыю вады. Уявіце сабе, што яшчэ ў 50-60-х гадах ХХ стагоддзя, тут былі пустыні, хадзілі караваны вярблюдаў…
Дык вось, узяўшы накірунак у Палесцінскую Аўтаномію ў бок Мёртвага мора, там і можна ўбачыць сапраўдны пясчаны Ізраіль.
Горы і пустыні суправаджаюць, а непадалёку ад дарог дзе-нідзе стаяць кучкаваныя пабудовы, іх нават нельга назваць пабудовамі, нават не хлявы – там жывуць бедуіны. Дзіву даешся – як? Ізраільскае кіраўніцтва падтрымлівае іх толькі пітной вадою.
ЦІКАВА! А ці ведалі вы, што фінікі – гэта пустазелле? Так-так, ізраільцяне іх менавіта такімі і лічаць, а каб плады былі салодкімі, іх трэба паліваць салёнаю вадою. Чаго-чаго, а яе акурат хапае ў гэтай краіне. А яшчэ – фінікі жаночага полу і іх трэба апыляць уручную. Праязджаючы, мы назіралі, як вакол фінікавых пальмаў было некалькі машын-кранаў з працаўнікамі.
Парада 9.
Гандлюйцеся на базарах і нават ў крамах! Вам саступяць, зробяць зніжкі. А яшчэ лепш, калі бярэце не адну рэч, а некалькі, тады дакладна вам саступяць цану.
Дзень IX
Канешне – мора. Прагрэйцеся на дарожку і зрабіце фотаздымкі яшчэ раз, каб можна было параўнаць колер скуры – загар, канешне, бярэцца хутка і, здаецца, адрозніваецца ад еўрапейскага.
І не забудзьце пра Яффу! Асабліва цікавая старая гістарычная частка горада Яффа. Там вельмі шмат крамаў-майстэрняў, якія працуюць вельмі доўга, да 10-11 вечара. Справа ў тым, што там у асноўным жывуць рамеснікі. Ёсць шэраг месцаў з сусветным імем: дом Франка Майслера – скульптара, арт-студыя Манзон Хауз, музей Іланы Гур.
У многіх аўтараў – дом-крама-майстэрня ў адным.
Вельмі спадабалася ў краме-музеі Франка Майслера. Яго скульптуры зроблены са сплаву срэбра. Прыемна і тое, што любую рэч можна кранаць рукамі! І больш таго, яго скульптуры маюць рухомыя часткі: напрыклад, адкрываецца верхняя частка краба, а ўнутры – матылёк! Творы Майслера маюць папулярнасць сярод палітыкаў, музыкантаў – вельмі ганарова атрымаць у падарунак гэтага аўтара.
Цікава! А ці здолееце вы ў старой Яффе адшукаць апельсінавае дрэва, якое расце з каменя і падвешанае, не кранаючы зямлі? Калі моцны вецер, то яно крыху гойдаецца.
Проста неверагодна трапіць на прыбярэжны арабскі рэстаран. Абслугоўванне – маланкавае, ежа – круцейшая, вострыя соусы – усё настолькі прадумана, арганізавана і ў плане сэрвісу, і ў плане меню, што наясіся, а цяжкасці страўніка не адчуваеш. Тое, што хочаш забраць з сабою – калі ласка, пакуначак тут як тут. У канцы, вам абавязкова прынясуць кавы ці гарбаты (па жаданні) з салодкімі карамельнымі міні-пончыкамі.
Дзень X
Пагуляйце, прайдзіцеся па месцах, набудзьце памятныя драбязкі, сувеніры.
Я дык, пайшла на базар, каб яшчэ раз наесціся фруктовых вітамінаў, якіх няма ў нас. Дзіўна на ўсходніх рыначных месцах. Там хто каго перакрычыць, абы заклікаць пакупнікоў. Можна пачуць: “Мой гаспадар звар’яцеў, усё распрадае вельмі танна, налятайце!”
Парада 10
Хочаце пасмакаваць што набываеце? Смакуйце! Ніхто не забароніць. Саромеецеся – спытайце і вам ўсё роўна дадуць спраўдзіць смак.
Збярыце рэчы, дакументы, рыхтуючыся дадому – азірніцеся яшчэ раз і загадайце жаданне – вярнуцца…
Фота: Аляксандр Астроўскі