У Польшчы збудавалі копію сінагогі з Воўпы – адной з найпрыгажэйшых у даўняў Рэчы Паспалітай
Сінагога ў Воўпе паўстала ў 1648 годзе. Лічыцца, што яе спалілі немцы ў 1942, хаця ў 2013 годзе ў інтэрнэце з’явілася яе фота, датаванае 1947 годам, таму, магчыма, яна была страчаная ўжо пасля вайны.
Сінагога была надзвычай каштоўным помнікам так званага “яўрэўскага барока”. Яе можна было аднавіць, бо захавалася дакладная дакументацыя, створаная студэнтамі Варшаўскай палітэхнікі.
Пакуль яна гатовая толькі знешне. Багаты інтэр’ер, у тым ліку каштоўная паліхромія мае быць выканана цягам двух гадоў. Размаляваць трэба будзе 1,2 тыс. кв.м паверхні, гэта будзе каштаваць 4 млн злотых (1 млн еўра). У будучыні ў сінагозе будзе яўрэўскі музей, піша PAP.
Інтэр’ер мае выглядаць так
Сінагогу ў межах “Крэсовага мястэчка” адбудоўваў Фонд Biłgoraj XXI, якім кіруе мясцовы прадпрымальнік Тадэвуш Кузьміньскі. Ён лічыць, што каштоўнасць адноўленай сінагогі яшчэ і ў тым, што пасля вайны ў Польшчы не засталося аніводнай драўлянай сінагогі – усе яны былі спаленыя, захаваліся толькі некаторыя мураваныя.
Раней ужо ўдалося атрымаць на будаўніцтва фінансаванне з бюджэту Еўрасаюза – 400 тыс. еўра. Неўзабаве фонд паспрабуе атрымаць яшчэ адзін грант. Мясцовыя прадпрымальнікі рыхтуюць комплексную прапанову для турыстаў з Польшчы і замежжа.
Малюнак архітэктара Рудальфа Бухаліка
Так мястэчка мае выглядаць у ідэале
Агульную канцэпцыю мястэчка ды праекты кожнага будынка, у тым ліку сінагогі, выканаў архітэктар Рудальф Бухалік. Ён каля 30 гадоў працаваў у Казімежы, адкуль перанес у Білгарай стыль даўняй гарадской забудовы. У будынкай мястэчка спалучаюцца традыцыйныя метады і сучасныя матэрыялы.
Агулам мястэчка мае займаць 40 га, тут ужо гатова больш за 10 драўляных дамкоў у традыцыйным стылі, ёсць копія дома, дзе ў маладосці жыў нобелеўскі лаўрэат Ісаак Башэвіс-Зінгер, працуе рэстаран. У будучыні маюць паўстаць яшчэ драўляныя млын, касцёл, царква і мячэць, а таксама міні-бровар, гатэль і гандлёвы цэнтр.
Дом Зінгера
У мястэчку ўжо жывуць сем’і, якія набылі сабе дамы ад прыватных інвестараў. Па ідэі стваральнікаў, гэта мае быць не скансэн, а жылы раён, дзе людзі будуць жыць у блізкім суседстве, як некалі ў малых мястэчках.
Будаўніцтва ў 2015 годзе