Ад “Казахстанскага дзённіка” да “Bonjour du Cameroun 2”. Дыякан з Гродна едзе на місію ў Афрыку

– Што натхніла Вас на паездку на місію?

 

– На трэцім годзе навучання ў семінарыі мы з братамі здымалі відэа-ролік, у якім распавядалі, як кожны з нас бачыць сваё пакліканнне. Я неяк нечакана для сябе адказаў, што хачу несці Слова Божае туды, дзе аб ім яшчэ не чулі. Пасля гэтых спантанных слоў я пачаў задумвацца аб місіях.

 

Дух Святы пакіраваў так, што неўзабаве да нас у семінарыю дзеля правядзення рэкалекцый прыехалі місіянеры. Пасля знаёмства з імі я ўступіў у Папскую Унію Місіянераў, што абавязвала мяне кожны дзень маліцца ў іх інтэнцыі. Затым паследавала паездка на місію ў Казахстан, пасля якой я ўмацаваўся ў сваім жаданні весці місыйную дзейнасць.

 

– Чаму менавіта Камерун?

 

– У мінулым годзе два маіх сябра Арцём і Марта займаліся там валанцёрскай дзейнасцю – працавалі з дзеткамі ў Доме Дзіцяці. Я час ад часу размаўляў з імі па скайпу і тое, што яны распавядалі і паказвалі, захапляла мяне. Я адчуваў, што павінен туды паехаць.

 

Пасля вяртання ў Беларусь Арцём з Мартай пажаніліся, а на іх вяселлі прысутнічаў а. Дарыюш Гадава, які ўжо на працягу 25 гадоў служыць у Камеруне. Сустрэча з а. Дарыюшам стала для мяне відавочным знакам таго, што Бог хоча, каб я туды паехаў.

 



– У чым бачыце мэту сваёй паездкі?

 

– Езус сказаў кожнаму са сваіх апосталаў: ”Ідзіце і навучайце ўсе народы”. Якім канкрэтна будзе кола маіх абавязкаў – не ведаю, але ў першую чаргу буду намагацца данесці Божае Слова да кожнага і спадзяюся, што дзеткам, з якімі буду працаваць, пакіну кавалак свайго сэрца.

 

 

 

– Ці маеце якія-небудзь апасенні?

 

– Кажуць, што Афрыка поўная розных захворванняў. У Беларусі робяць вакцынацыю толькі ад жоўтай ліхаманкі, але ад іншых інфекцый характэрных для Афрыкі – не. Вось і мне зрабілі толькі адну прышчэпку і параілі ўзброіцца добрай аптэчкай. Але мяне такі расклад не палохае: усё ў волі Божай, якой я безаглядна давяраю.

 

– Як рыхтуецеся да паездкі?

 

– Пасля атрымання дазволу на паездку ад біскупа пачаў вучыць французскую (афіцыйная мова Камеруна), што даецца мне вельмі нялёгка. Намагаюся знайсці парафіі, дзе пробашчы адкрыты на тое, каб я выступіў са сведчаннем перад вернікамі і сабраў ахвяру на місію. Адзін толькі авіаквіток каштуе каля 1000 еўра, а хочацца яшчэ не з пустымі рукамі да дзетак прыбыць.

 

– Вы ўзгадвалі пра місію ў Казахстане. Як лічыце, наколькі прыдатным Вам будзе гэты досвед?

 

– У Казахстане людзі самі ў касцёл не прыходзяць, яны не маюць такой патрэбы (самая вялікая парафія ў дыяцэзіі – 150 чалавек). Там святары самі ідуць да кожнага ў дом, размаўляюць з людзьмі, будуюць зносіны з імі. Многім ксяндзам даводзіцца пераадольваць вялікія адлегласці паміж гарадамі (да 400 км), каб несці паслугу адначасова ў некалькіх парафіях, бо святароў у Казахстане не хапае. Мяне ўражвала, як духавенства там на 100% аддае сябе людзям, як на 100% рэалізоўвае сваё пакліканне.

 

Упэўнены, што досвед, які я атрымаў у Казахстане, будзе прыдатным падчас маёй будучай місіі, нават нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Казахстане кардынальна адрозніваецца ад той, што пануе ў Афрыцы.

 

– Як думаеце, наколькі місіянерства запатрабавана ў сучасным свеце?

 

– Касцёл сам па сабе з’яўляецца місыйным. Калі чалавек пакліканы служыць Богу і людзям, то яго задача служыць ім, незалежна ад таго, дзе ён знаходзіцца. Калі Госпад хоча, каб я паехаў у Афрыку, я гатовы там застацца да канца сваіх дзён. Галоўнае, каб я выканаў Яго волю.