На Гарадзенскім рынку гандляры ўпотай скідаюць кошты

Некалькі апошніх выходных дзён на рынках Гродні заўважна павялічылася колькасць пакупнікоў. Аўтамабільныя паркоўкі каля рынкаў перапоўненыя. Асабліва гэта тычыцца рынку «Паўднёвы» — аднаго з найбольшых у рэгіёне.

 

Заўважна паболела пакупнікоў і ў будні. Тым не менш, гандляры сцвярджаюць, што на прыбытках гэта ніяк не адбіваецца. Спадарыня Святлана, якая гандлюе на рынку «Цэнтральны» мужчынскай бялізнай, кажа, што ажыўленне гандлю — толькі ілюзія.

 

— Так, людзей прыходзіць болей на рынак, але галоўнае — колькі і чаго яны набываюць. У мяне раней шкарпэткі бралі самых розных гатункаў, а цяпер толькі адну пару, і то глядзяць і пытаюцца, ці можна нешта купіць на распродажы. Відаць, што людзі эканомяць на ўсім, а я яшчэ не зарабіла нават на тое, што ўжо заплаціла за арэнду і падаткі. Так што гэта толькі ілюзія.

 

 

Насупраць спадарыня Жанна гандлюе жаночым адзеннем. Дадае, што не памятае, каб раней хто на рынак хадзіў не з грашыма, а з карткамі.

 

— Сапраўды, сезон летні распачаўся, і людзі паехалі з рэгіёнаў пераапрануцца. Але вось прыходзіць сямʼя: як правіла, нейкую адну рэч для дзіцяці выбралі, вызначыліся з коштам — і адзін пабег здымаць грошы з карткі: суму бярэ дакладную, каб на той картцы нешта засталося і каб лішніх ні на што болей не патраціць. Вось такі гандаль… Скажу яшчэ, што і гандляры таксама адзін ад аднаго ўпотай скідаюць кошты, каб у іх хоць нешта купілі, калі ўжо падышлі.

 

 

Да размовы далучаецца спадар, які гандлюе джынсамі:

 

— Ды народ засумаваў па тым, каб нейкім чынам пабавіцца. У кавярню або кіно ніхто ж не пойдзе, бо там трэба грошы пакінуць, а сюды прыходзяць паглядзець, як у музей, і за гэта грошы плаціць не трэба. Канечне, нешта пачалі купляць, але гэта адзінкавыя рэчы, і амаль усе просяць, каб зрабілі зніжку. Прыходзіць цэлая сямʼя, а ў руках адзін маленькі пакецік — і гэта ўсе закупы.

 

Яшчэ адзін гандляр кажа, што людзі цяпер хочуць купіць усё амаль задарма, хоць цэны ў параўнанні нават з восеньскімі заўважна знізіліся.

 

 

— Ведаеце, ужо надакучыла, калі пачынаюць енчыць, каб прадаў яшчэ танней, бо, маўляў, заробкі малыя. Хаця я і так ужо сабе на страту гэта аддаю. Чамусці ніхто з іх не хоча выходзіць на Плошчу і патрабаваць большых заробкаў, а тут вось… аддавай ім дарма.

 

Цікаўлюся ў гандляроў — ці маюць яны сертыфікаты, якіх патрабуе ўказ № 222? Пра гэта размова не ладзіцца, але адзін спадар кажа, што і прадаўцы ў бальшыні стаяць толькі таму, што з боку падаткоўцаў дзейнічае негалосны мараторый на праверкі.

 

— У нас застаўся толькі месяц, бо пакуль нас ніхто не чапае, а ў бальшыні няма адпаведных дакументаў. Дый увозны падатак бальшыня не плаціць, бо не дэкларуе свой тавар. А як ты яго будзеш паказваць, калі няма сертыфікатаў? Прадаем так, пакуль гэта магчыма. Хутчэй за ўсё, і ўлады не хочуць пачынаць зноў нейкія праверкі, бо эканамічны стан у краіне ахавы. А паспрабуй зачапі тут — і можа ланцужок пацягнуцца… Я нават думаю, што яны цэлае лета не будуць нас чапаць, бо там яшчэ выбары ў верасні. Хаця… паглядзім… А каб цяпер наладзілі жорсткі кантроль, то нас нават і паловы б тут не стаяла.

 

А вось спадар, які гандлюе мужчынскімі курткамі, папросту схіліў галаву над сталом і спіць. Праўда, вельмі чуйна, бо калі я падышоў бліжэй, то адразу падняў галаву. У яго зусім няма настрою.

 

 

— Вось вы ведаеце, я зараз абсалютна не маю грошай. Трэба плаціць за кватэру, па крэдыце, а ў мяне няма нічога. Чакаем, калі жонка атрымае заробак. Няма тут ніякага гандлю. Рынак нагадвае музей: пакупнікі глядзяць, нічога не набываюць, а мы вартуем «экспанаты»… І паглядзіце, побач свабодныя гандлёвыя месцы — гэта тыя, што людзі адышлі з рынку ўжо назаўсёды і не вернуцца, яны пазачынялі сваю дзейнасць. Думаю, што гэта хутка чакае і мяне, хоць я нават да пенсіі не дацягнуў.