Начальніка гарадзенскага аддзела адукацыі падазраюць у карупцыі

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Сяргей Ламека адхілены ад працы. Ён падазраецца ў крадзяжы, што здзейснены  шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Абвінавачванне на дадзены момант не прад’яўленае, паведамляе БелаПАН.

 

У выканкаме паведамілі, што Ламека па-ранейшаму з’яўляецца начальнікам аддзела, аднак з 5 траўня знаходзіцца ў адпачынку. “Пакуль ідзе следства, ён адхілены ад працы, але ніхто яго не звальняў”, – дадалі ў прыёмнай.

 

У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама пацвердзілі, што ў дачыненні да Сяргея Ламека вядзецца следства па факту крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым ў буйным памеры (ч. 3 арт.210 КК). Санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

 

Афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч падкрэсліў, што абвінавачванне Ламека на дадзены момант не прад’яўленае, сума нанесенай стратаў ўсталёўваецца.

 

Па матэрыялах крымінальнай справы, у 2011-2012 гадоў чыноўнік уступіў у змову з дырэктарам прыватнага прадпрыемства, якая з’яўляецца яго сваячкай, здзейсніў за сродкі бюджэту закупку ў яе будматэрыялаў па відавочна завышаным кошце.

 

Шаршаневіч падкрэсліў, што мера стрымання ў дачыненні да Ламека не абіралася. Аднак вядома, што на маёмасць падазраваных, у тым ліку некалькі аб’ектаў нерухомасці, накладзены арышт.