Выбар зроблены: футбольны “Нёман” узначаліць Ігар Кавалевіч

|

Гарадзенцам Кавалевiч  добра знаёмы, бо ён на працягу 2001-2003 гадоў абараняў колеры жоўта-зялёных. 

Варта адзначыць, што зараз Ігар Кавалевіч з’яўляецца і галоўным трэнерам Моладзевай зборнай Беларусі. Паводле атрыманых дадзеных, Беларуская федэрацыя футбола дазволіла Кавалевічу сумяшчаць працу ў клубе, і ў зборнай. 

За сваю гульнявую кар’еру Ігар Кавалевіч пагуляў як у Беларусі, так у Расіі і Азербайджане. 

 

У якасці гульца Кавалевіч з’яўляецца двухразовым срэбраным (1997, 2002) і бронзавым (1992, 1998) прызёрам чэмпіянатаў Беларусі, уладальнікам Кубка БССР (1990), двухразовым уладальнікам Кубка Беларусі (1997, 1999), срэбраным прызёрам чэмпіянату Азербайджана (2004). 

Варта адзначыць, што самую вялікую колькасць матчаў у сваёй кар’еры Кавалевіч правёў менавіта ў Гродне. Усяго за жоўта-зялёных абаронца згуляў 67 матчаў і забіў 3 галы. 

Гарадзенскія заўзятары запомнілі Кавалевіча як ўстойлівага і непраходнага абаронцу, якога баялiся супернікі. Палову гарадзенскіх матчаў Ігар Кавалевіч без папярэджання з поля не сыходзіў, часцяком суддзям даводзілася яго і выдаляць.

 

Трэнерская кар’ера Ігара Кавалевіча пачалася ў “Нафтане”. Прыйшоў ён туды ў верасні 2005 года. Калі ў красавіку 2007 года “Нафтан” знаходзіўся ў зоне вылету, Кавалевіча прызначылі выконваючым абавязкі галоўнага трэнера, а з ліпеня 2007-га – галоўным трэнерам. Каманда дастаткова добра правяла другі круг чэмпіянату і “Нафтан” заняў 7-е месца, што з’яўляецца паўторам рэкорднага дасягнення клуба ў чэмпіянатах.

З лютага 2009 года па жнівень 2012 года Кавалевіч з’яўляўся асістэнтам трэнера моладзевай (а пасля алімпійскай) зборнай Беларусі, з 2013 года – галоўны трэнер. 

У 2009 годзе ў Ігара Кавалевіча (як і “Нафтана”) адбылося лепшае дасягненне ў якасці трэнера: быў заваяваны Кубак Беларусі. Прычым у паўфіналах гэтага розыгрышу быў пераможаны барысаўскі БАТЭ (3:0 па суме двух матчаў). 

 

Цікава, што ў двух папярэдніх сезонах Кавалевіч запомніўся перамогай у намінацыі “трэнер-празорлівец”. У 2007 годзе выпушчаныя ім на замену футбалісты забілі восем галоў, у 2008-м – 10.