“Цёшча з Любані пагоніць – прыеду ў Гродна танцаваць!” Сяргей Выскварка “фестываліў”з гарадзенцамі ў стылі этна
Гукі гармоніка і бубна былі чутны здалёк. Пары, стаўшы ў кола, развучвалі даўнія “каленцы”, а вядоўца раздаваў каманды:
– Пераходзім! Ногу не збівайце! Пераходзім! Барышня злева!
Пры тым сам вядзе партнёрку і паспявае сыпаць жартамі як з мяха: “Цёшча з Любані пагоніць, прыеду ў Гродна танцаваць!”
Крок наперад, два назад
Так, паміж крокамі і прыскокамі, Сяргей распавядае пра адметнасі беларускіх танцаў: “У звычайнай польцы ідзем управа-ўлева, у вальсе наперад-назад, а ў дробнай польцы ніякіх крокаў няма. Тут рух такі, нібы пружына ад зямлі пхае – прытупваеш і падлятаеш ізноў”.
Пайшлі вучыць новыя выкрутасы. Зараз парам трэба ісці “гармошкай” – то паварочваючыся, то адварочваючыся адно ад аднаго. “Нібы пасварыліся-памірыліся, – параўноўвае Сяргей. – Кажуць, тут трэба ў вочы глядзець, але беларусы такі народ, што нам цяжка наўпрост у вочы пазіраць, як, напрыклад, грузіны робяць. Толькі калі ўжо вельмі блізкі чалавек, тады можам. А звычайна, калі твар да твару танцуюць, то ў пераноссе глядзяць, ці трохі вышэй”.
Мы крышачку іншыя
Паказваючы рухі беларускіх танцаў, Сяргей звяртае ўвагу на іх стрыманасць, кажа, што ў гэтым ёсць наша нацыянальная адметнасць. “Рукі ў гару беларусы вельмі рэдка падымаюць. Толькі калі ужо нешта зусім страшнае – вайна настала – то можа быць так. Сярод рускіх танцаў ёсць такія, дзе ўвесь час рукі ўгары. У нас – не, мы крышачку іншыя”.
Яшчэ адной прычынай стрыманасці у рухах – “мы больш ходзім, чым скачам” – Сяргей называе неабходнасць многа працаваць. Таму ў танцах шмат сіл траціць не з рукі. “Сёння – нядзеля. Заўтра – панядзелак. Трэба ісці касіць. Калісці – траву, зараз – “бабло”. Трэба сілы разлічваць, дарма не скакаць”. Ды і танцавалі добрыя танцоры па некалі гадзін запар, без адпачынку. Бо, дадае Сяргей, як прысядзеш, дзяўчыну звядуць. Вось і прызвычаіліся да такой стрыманасці – у каторай хвацкасць і дакладнасць спалучаюцца з ашчаднасцю.
Танцы як школа жыцця
Навука танцаў ад Сяргея Выскваркі наўскрозь працята і мудрасцю жыццёвай навукі. “Паверце мне, любая дзяўчына ў танцы будзе вам падчыняцца, калі вы трошкі ёй дапаможаце, – звяртаецца ён да хлопцаў. – Не трэба сілу прымяняць, а вось настойлівым быць – трэба”.
У танцах некалі пару на ўсё жыццё выбіралі, расказвае Сяргей. Ды і пра сябе дадае, што жонку так выбраў. Быў неяк тамадой на вяселлі, выпадкова вышлі разам у танцы і – на ўсё жыццё “станцаваліся”. “Не таму, што я нейкі выбітны танцор. Проста яна адчувае момант, дзе можна кіраваць, а дзе трэба падпарадкавацца”. Дык вось у жыцці, разважае Сяргей, жанчына вядзе за сабою – натхняе мужчыну, і тым накіроўвае. А ў танцы вядучая роля за мужчынам. Тут жанчына мусіць даверыцца партнёру, пайсці за ім.
У цэнтры Еўропы ёсць ўсё
“Танцы гэта не работа, хто не ўмее, той… навучыцца!” – працягвае заахвочваць новую публіку Сяргей, калі да пляцоўкі падыходзяць яшчэ людзі. “Сумкі пакладзіце каля музыкаў. Як прападуць, то хоць будзеце ведаць, што скраў”, – жартуе ён. І, нібы звяртаючыся да меркаваных злодзеяў, узгадвае новую показку: “Скраў кашалёк. А каб ведаў, колькі там грошай, то нават бы і не ганьбіўся”.
Далей Сяргей узгадвае, што частку танцаў разам з музыкай і інструментамі беларусы запазычылі ў народаў-суседзяў. Кракавяк, гапак, літвін, “Сямёнаўна” – нават назвы танцаў паказваюць адкуль яны прышлі: “Мы ж – цэнтр Еўропы, тут усё было”. “Але, – заўважае Сяргей, – запазычанай засталася толькі музыка. Харэаграфія ў беларусаў зусім іншая. Тая ж “Сямёнаўна” – у рускіх гэта прыпеўкі, а ў нас цэлы танец атрымаўся”.
Пад канец сустрэчы, як і звычайна на вечарынах, станчылі польку “Калечка” і падзякавалі паклонам музыкам.
Працяг – будзе!
Тых жа, каму трох гадзін танцаў падалося мала, Сяргей запрасіў прыязджаць на фестываль беларускай традыцыйнай культуры Пятровіца, што пройдзе 8–12 ліпеня ў вёсцы Шыпілавічы, на Любаньшчыне.
Пра яшчэ адну магчымасць працягваць вучыцца народным танцам расказаў Антось Янкоўскі. Сёлета, як і ў мінулым годзе, у Гродне будуць праходзіць танцавальныя этнавечарыны. Першая адбудзецца 6 чэрвеня ў дворыку Музея Януша Паруліса і будзе спалучана з выпускным заняткам курсаў Мова нанова.
Пасля танцавальныя сустрэчы будуць адбывацца кожныя два тыдні ў яблыневым садзе каля Новага замка.
Фота і відэа аўтаркі