“Сучаснае мастацтва спрабуе выбіць чалавека з зоны кaмфорту”. 10 тэзісаў з лекцыі Тані Арцімовіч

1. Адмаўляць сучаснае мастацтва бессэнсоўна

 

Ёсць розныя думкі пра мастацтва, якое мы бачым, і свет, у якім мы жывем. Можна чуць нараканні ў бок сучасных мастакоў: незразумела, складана, раней было лепш. Мне здаецца, гэта непрадуктыўны падыход. Мы жывем у цікавы час, таму што ён ставіць перад намі шмат пытанняў, на якія мы павінны шукаць адказ самі. Адносіны да сучаснага мастацтва – гэта пытанне талерантнасці. Можна сказаць: я разумею гэтага мастака, але гэта не ў маёй эстэтыцы. Але адмаўляць сучаснае мастацтва бессэнсоўна.

 

 

2. Сучаснае мастацтва не адмаўляе традыцыйнага

 

Традыцыйнае мастацтва існуе і па-свойму развіваецца. Тым не менш, сучасныя мастакі ставяць пад пытанне тое, што зрабілі іх папярэднікі.

 

 

3. Гістарычныя падзеі ўплывалі на мастацтва

 

Тыя змены, якія адбыліся ў мастацтве, не адбыліся проста так, а наўпрост звязаны з гістарычнымі, сацыяльнымі, палітычнымі зменамі, якімі поўніцца ХХ стагоддзе. Даследчыкі гісторыі развіцця сучаснага мастацтва перамяжоўваюць важныя гістарычныя падзеі, такія як Першая і Другая сусветная вайна, Асвенцым, вайна ў В’етнаме і іншыя са з’яўленнем знакавых мастацкіх феноменаў і імёнаў. Гэта стала як вынікам гэтых падзеяў, так і рэакцый творцаў на іх.

 

 

4. Тэхніка – пагроза для мастацтва?

 

Вальтэр Беньямін у 1936 годзе напісаў знакавае эсэ “Твор мастацтва ў эпоху ягонай тэхнічнай узнаўляльнасці”. Адпраўнымі кропкамі для яго стала з’яўленне фатаграфіі і кінематографа, у якіх ён убачыў пагрозу для сапраўднага мастацтва. Паводле ягонага меркавання, ніводная копія альбо рэпрадукцыя не ў стане замяніць арыгінальны твор мастацтва – ягонай жывой энергіі, альбо “аўры”.

 

 

5. Са з’яўленнем ТВ і інтэрнэта мы вярнуліся ў дагутэнбергаўскую эпоху

 

Маршал Маклюэн адным з першых стаў даследаваць новыя медыі ўзвязку з іх уплывам на чалавека. У кнізе “Галактыка Гутэнберга” ён параўноўвае культуры грамадстваў рукапіснай і друкаванай кнігі. Маклюэн сцвярджае, што з’яўленне кнігадрукавання глабальна змяніла светаўспрыманне чалавека: ён навучыўся асобна думаць і чытаць, фармуляваць свае думкі. Маклюэну належыць паняцце “глабальная вёска”. Са з’яўленнем тэлебачання і тым больш інтэрнэта мы зноў вярнуліся ў стан “адкрытай супольнасці”, як і да вынаходніцтва кнігадрукавання, і сталі “глабальнай вёскай”.

 

 

6. Новыя з’явы трэба вывучаць новымі сродкамі

 

Маршал Маклюэн пачынаў як традыцыйны літаратуразнавец, крытыкуючы сучаснае яму грамадства. Але з часам змяніў свае меркаванні і адным з першых прапанаваў вывучаць сучасную культуру новымі метадамі, таму што традыцыйныя інструменты ўжо не пасуюць. Новыя формы патрабуюць іншай мовы.

 

 

7. Глядач перастаў быць проста назіральнікам

 

Да сярэдзіны ХХ стагоддзя глядач назіраў, перажываў, абмяркоўваў, але ніяк не ўмешваўся ў дзеянне мастака. Марына Абрамавіч, знакавая перформерка, адна з тых, хто здзейсніла рэвалюцыю ў адносінах мастака і гледача. Так, у перформансе “Вусны Святога Фамы” мастачка выйшла да публікі аголенай, намалявала на сцяне зорку, села за стол, выпіла бутэльку віна, павольна з’ела літр меду. Затым выразала ў сябе зорку на жываце, лягла на крыж з кавалкаў лёду, над якім зверху гарэлі лямпачкі высокай тэмпературы. Можна сабе ўявіць, што адчувала мастачка: яе паранены жывот знаходзіўся прама пад лямпачкамі. Праз пэўны час адзін з гледачоў аддзяліўся ад натоўпу і зняў яе з “алтара”, такім чынам спыніўшы перформанс.

 

У гэты момант адбылося праламленне адносін паміж мастаком і гледачом: глядач перастаў быць проста назіральнікам. Адбылося зліццё этыкі і эстытэкі. Таму што, з аднаго боку, мастаку нельга перашкаджаць, бо гэта мастацтва, з іншага – чалавек пакутуе. Для гледача гэта выклік. З развіццём сучаснага мастацтва адлегласць паміж мастаком і публікай змяншалася. Мастакі стараліся выбіць чалавека з зоны камфорту, прымушаючы да самастойных рашэнняў.

 

 

8. Некаторыя праекты робяцца на мяжы мастацтва і навукі, мастацтва і палітыкі.

 

Але іхнімі творцамі з’яўляюцца мастакі, таму гэта будзе менавіта мастацтва. Прыклады зліцця палітыкі і мастацтва – праекты Крыстафа Шлінгензіфа, які здолеў амаль што зруйнаваць мяжу паміж мастацтвам і рэчаіснасцю. Альбо Марыны Напрушкінай – “Новае суседства Маабіт”, у межах якога яна працуе з бежанцамі.

 

 

9. Чалавечае цела – таксама архітэктура?

 

Аўстрыйскі перформер Stelark сказаў, што калі чалавечае цела ёсць архітэктура, якая ўплывае на светапогляд, то змяняючы яе, можна змяніць свядомасць. Каб праверыць гэта, ён трансплантаваў сабе вуха ў руку, і фіксаваў, што з ім адбываецца. І гэта сапраўды пашырыла яго магчымасці.

 

 

10. Усё камерцыялізуецца, усё прадаецца

 

Каб супраціўляцца камерцыяналізацыі сваёй дзейнасці, мастакі ўцякалі з дзвюхмернай плоскаці ў інсталяцыю альбо ў акцыі. У 1910-1920 гады дадаісты і сюррэалісты зрабілі выклік буржуазнаму мастацтву ў прамым сэнсе плюючы яму ў твар. Але і яны хутка сталі прадавацца. Тады мастакі пачалі працаваць у жанры перформанса. Яго нельга было прадаць – выступ адбываецца толькі зараз і толькі адзін раз. Але капіталістычны свет пачаў прадаваць перформанс праз фота-дакументацыю і запісы, сёння гэта ўжо мэйнстрым. Вынаходніцтва інтэрнэта дало новую прасторы для супраціву і магчымасць ствараць нематэрыяльныя творы, але і яны ў хуткім часе пачалі прадавацца. Што будзе далей?

 

Такім чынам, эвалюцыя мастацтва звязана ў тым ліку са спробай мастакоў супраціўляцца камерцыялізацыі сваёй творчасці, кідаючы выклік сучаснай Імперыі.

 

 

– Апошні год мы рэгулярна ладзім лекцыі розных беларускіх культурных спікераў у рэгіёнах, – кажа Воля Палевікова, прадстаўнік 34mag.net. – Наша мэта – расказаць Мінску пра рэгіёны і расказаць рэгіёнам пра Мінск. І такім чынам стварыць культурную сетку з людзей.

 

 

Гэта чацвёрты рэгіянальны адукацыйны івэнт, арганізаваны 34mag.net і Euroradio ў 2016 годзе. У студзені ў Віцебск прыязджала журналістка і даследчыца гарадской культуры Ганна Пазняк з лекцыяй «Стратэгіі ды тактыкі. Што можна зрабіць у горадзе тут і цяпер, а што можна рабіць потым», а ў Брэсце выступала каманда галерэі сучаснага мастацтва «Ў» з лекцыяй «Як адкрыць галерэю сучаснага мастацтва ў Беларусі». Нядаўна ў Магілёў завітвалі рэдактары анлайн-часопіса пра Мінск Citydog.by з выступам «CityDog.by – інтэрнэт-часопіс пра Магілёў: гэта жарт ці праўда?».

 

У ліпені адбудзецца чарговы адукацыйны візіт 34mag.net у Гродна. Наведвальнікі лекцыі маглі выбраць спікера, пазначыўшы свае жаданні ў адмысловай анкеце.