Гарадзенцы нарэшце ўбачылі папаўненне ў сям’і кенгуру
Пара кенгуру Арчы і Берта з’явіліся ў гарадзенскім заапарку ў 2012 і 2013 гадах. У канцы 2015 года стала вядома, што самка чакае дзіця.
“Для заапарка гэта чаканая і радасная падзея. Як толькі Берта стала дарослай, мы сталі яе зводзіць з Арчы. І вось у нас ужо ёсць малы. Пакуль не можам вызначыць якога полу, бо ён ўвесь час з мамай”, – распавядае загадчыца секцыі драпежных жывёл Святлана Сімановіч.
Малы вельмi рэдка выбіраецца з мамінай сумкі для самастойных прагулак па вальеры. Берта любіць дзіця і стараецца нікога не падпускаць да яго.
Са сваім татам кенгураня пакуль не знаёмае: яго на час, пакуль малы не падрасце, перавялі ў асобнае памяшканне.
Малыя кунгуру праводзяць у матчынай сумцы каля 280 дзён і толькі ва ўзросце 10-12 месяцаў становіцца самастойнымi.
Цiкава ведаць:
Самка кенгуру выношвае і выкормлівае дзіцяня самастойна. Перыяд цяжарнасці доўжыцца ўсяго каля месяца. Калі прыходзіць час родаў, яна сыходзіць у зацішнае мястэчка, прымае такое становішча, што хвост аказваецца накіраваным наперад паміж задніх лап. На хвост і трапляе нованароджаны. Кенгуру ён у гэты момант нічым не нагадвае. Гэта напаўпразрыстая істота памерам з фасолiну, масай менш грама. Але ў гэтага малюка доўгія, моцныя пярэднія лапы, вялікі рот і добра выражаны нос. Гэтыя часткі цела яму неабходныя для таго, каб дабрацца да мамінай сумкі і працягнуць далейшае развіццё там.