Ад жабкі-падарожніцы да каханка на вадастоку. Гарадскія байкі як крыніца ідэй для турыстычнага брэнду Гродна
Ладдзя – “наша”
Пачалі размову з людзьмі, што спрычыніліся да з’яўлення новай скульптуры, наўпрост ля самой ладдзі. Паводле Сяргея Каляды, яна вартая стаць адным з брэндаў горада, бо ладдзя – вельмі наша, гарадзенская па сутнасці.
Зубр, замкі і Аўгустоўскі канал. Што яшчэ можа стаць брэндам Гарадзеншчыны
“Напэўна, на такіх ладдзях колішнія мытнікі перамяшчаліся па Нёмане, збіралі падаткі з падарожнікаў, што ішлі водным шляхам. Ці не з тае нагоды Гродна ўжо ў ХІ веку быў каменным горадам?”
Да таго ж, павялічаная ладдзя на беразе Нёмана нагадае і турыстам, і гарадзенцам пра ўнікальны экспанат музея – шахматную фігурку.
“Напэўна, гэта абудзіць цікавасць да артэфакта і зараз ёсць сэнс вярнуць ладдзю з запаснікаў музея ў асноўную экспазіцыю”, – разважае Сяргей Каляда. Ён узгадвае, што некалі ладдзя выстаўлялася, але была скрадзена. Праўда, жартуе Сяргей, злодзеі аказаліся “інтэлектуаламі і патрыётамі” – праз пэўны час фігурку вярнулі.
Людзей цікавяць незвычайныя прыгоды
Такія цікавыя факты ў стварэнні турыстычных атракцый не менш вартыя ўвагі, чым гістарычная каштоўнасць фігуркі. Людзей заўсёды вабяць незвычайныя прыгоды, мяркуе Каляда.
Сяргей узгадвае, як наведаўшы неяк Брэст, пабачыў там незвычайную інсталяцыю, зробленую паводле гарадской легенды аб каханку, што лазіў да замужняй дамы праз вакно.
Фігура не пакідае гараджан абыякавымі. Неяк у незадачлівага каханка спрабавалі скрасці і апошнія майткі.
Сяргей расказвае, што неяк у нефармальнай абстаноўцы распавёў чальцам мастацкага савета пры аблвыканкаме пра тую фігуру і запытаўся, ці магчыма было б зрабіць нешта падобнае ў Гродне. Адказам было толькі неадназначнае маўчанне.
“Але ж тыя легенды і байкі – яны таксама гарадзенскія!” Іх героі, паводле Сяргея, маюць права на месца ў гарадской прасторы і могуць сталь цікавосткамі, прывабнымі для турыстаў. “У тым самым героі-каханку, напэўна, многія пазнаюць сябе, бо хто з хлопцаў па маладосці ў вокны да дзяўчат не лазіў? Я – лазіў!” – смяецца ён.
Напэўна, на нейкім за старых будынкаў горада які-небудзь герой-паручык у майтках і з шабляй выглядаў бы някепска – упэўнены і Уладзімір Панцялееў. А за адно той герой сцвярджаў бы, што гарадзенцам не бракуе не толькі густоўнасці, але і пачуцця гумару.
Загадкі ладдзі абуджаюць цікавасць
Вяртаючыся да працы над скульптурай ладдзі, Панцялееў кажа, што ў час работы з камянём разважаў пра яе аўтара. Ці думаў той невядомы майстар, што яго ладдзя праплыве праз восем стагоддзяў? Таксама разважаў пра тое, што ў малой фігурцы хаваецца яшчэ шмат неразгаданых таямніц.
Хаця б – шэраг адтулін паўз барты ладдзі. Можа, тут былі каштоўныя камяні, што ўпрыгожвалі шахматы, а можа адтуліны звязаны з асаблівасцямі канструкцыі судна. “Тое, што копія фігуркі з’явілася ў грамадскай прасторы, дасць шанец гарадзенцам і турыстам зацікавіцца гісторыяй горада, падумаць пра людзей, што калісці жылі ў гэтым месцы”, – мяркуе ён.
Самая турыстычная – гарадзенская жабка
Што да скульптураў у гарадской прасторы, то аўтарству Уладзіміра Панцялеева належаць добра вядомыя “Купідон” каля ЗАГСа на вуліцы Ажэшкі, “Лебедзі” на рацэ ў Швейцарскай даліне, “Гараднічанка” ў парку Жылібера ды іншыя.
Але самай “турыстычнай” са сваіх прац ён называе жабку-падарожніцу, што размясцілася пры інфармацыйным цэнтры недалёка ад чыгуначнага вакзала.
“Ідэя была ў тым, што жабцы не патрэбна віза, каб падарожнічаць. Яна можа вольна пераходзіць праз любыя межы”, – тлумачыць Уладзімір Панцялееў і выказвае спадзяванні, што смешную жабку ў Гродне палюбілі не менш за рамантычную Гараднічанку.
Што да складанасцяў пад час працы, то абодва аўтары ладдзі кажуць, што найцяжэйшы этап – шэраг узгадненняў і зацверджанняў, што праходзіць любы арт-аб’ект перад тым, як з’явіцца ў гарадской прасторы.
Самае цікавае адбываецца, калі думаеш, што ўсё ўжо скончана
Разышліся афіцыйныя дэлегацыі, скончаны сур’езныя размовы, але бывалыя турысты не змаглі сысці ад ладдзі, не выканаўшы яшчэ аднаго рытуала. Як жа новы карабель пойдзе ў плаванне, не акроплены брызгамі шампанскага? На добры шлях гэта трэба зрабіць!