Галоўнае – раўнавага. Студэнты прапануюць гарадзенцам асвоіць слэклайн

|

Гiсторыя слэклайна пачалася ў ЗША ў 80-х гадах XX стагоддзя, калі два сябра шпацыравалі каля мясцовай паркоўкі. Там яны прыдумалі сабе забаву – хадзіць па ланцужных агароджах. З часам ланцуг замянілі на спецыяльныя стропы, замацаваныя паміж нерухомымі аб’ектамі. Неўзабаве чуткi пра слэклайн пачалі разыходзіцца па ўсім свеце.

 

У Гродне слэклайн пачынаўся з турнікоў. “Доўгі час я хадзіў па турніках – вучыўся балансаваць. Пазней вырашыў выйсці на новы ўзровень, стаў чытаць у інтэрнэце пра канатаходцаў і выпадкова наткнуўся на слэклайн”, – распавядае Аляксандр.

 


У Гродне слэклайн з’явіўся пасля таго, як Аляксандру прывезлі першую замоўленую страпу. Тады яна каштавала каля 100 долараў. “Спачатку асвойвалі яе з сябрам, а калі нешта пачало атрымлівацца, напрыклад, звычайнае хаджэнне і першыя простыя выкруты, мы пачалі агітаваць сяброў далучыцца да нас”.

 

Першая каманда слэклайнераў у Гродне фактычна складалася з медыкаў. У каманды была толькі адна страпа, трэніраваліся яны ў лесапарках i ў ціхіх месцах. Калі ў іх пачаў атрымлівацца добры агульны вынік, каманда стала выходзіць у цэнтр горада.

 


“Большасць каманды гэта студэнты, таму для нас слэклайн гэта проста экстрэмальнае хобі. Можа, пазней усё пяройдзе на новы ўзровень, але цяпер у нас у планах прасоўвацца ў стропахаджэннi далей на аматарскім узроўні. Яшчэ ў будучыні плануем з’ездзіць на фестывалі слэклайну ў іншыя краіны”.

 

У слэклайне выкарыстоўваюць слабое нацяжэнне страпы, пры якім працэс хаджэння моцна змяняецца. Стропы бываюць рознай структуры і шырыні, што ўплывае на працэс хаджэння. Больш за тое, для розных відаў скачкоў і выкрутаў або звычайнага хаджэння выкарыстоўваюцца розныя тыпы строп. Адны спартоўцы ходзяць, выконваючы плынныя фігуры, іншыя аддаюць перавагу скокам, як на батуце.

 


“Самае складанае ў слэклайне – пачаць хадзіць. Першы час заўсёды вельмі моцна хістае ў розныя бакі. Галоўная задача – трымаць стропы пад сабой і нікуды не адпускаць. Напрыклад, пачаткоўцу спатрэбіцца 1-2 трэніроўкі каб навучыцца самастойна хадзіць. Мы гатовыя вучыць гарадзенцаў, калі яны ў гэтым зацікаўлены”.

 

 

Зараз у гарадзенскіх слэклайнераў асноўныя месцы для трэніровак – Каложскі парк і пляж у Пышках. На святочныя мерапрыемствы ў горадзе слэклайнеры збіраюцца ў парку Жылібера. Больш даведацца пра гарадзенскую каманду можна тут.