Прадстаўнік пасольства Швейцарыі прыехаў на Гарадзеншчыну знаёміцца з уладамі і трэцім сектарам
Там яму ўдалося пачуць аб праблемах беспрацоўя ў горадзе, пра дзейнасць арганізацыі “Матчын рух”, а таксама аб палітычных, эканамічных і экалагічных праблемах рэгіёну.
“У Беларусі няма паўнавартаснага пасольства Швейцарыі, яно знаходзіцца ў Варшаве. Я з’яўляюся прадстаўніком офіса амбасады ў Мінску. Візіт на Гарадзеншчыну для мяне важны, бо мне трэба мець паўнавартаснае ўяўленне пра працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі. Пасля паездкі свой даклад я адышлю ў Швейцарыю”, – кажа Паскаль Эбiшэр.
Са слоў дыпламата, гандлёвыя адносіны паміж краінамі знаходзяцца на нізкім узроўні, бо толькі зусім нядаўна Швейцарыя, разам з краінамі Еўрасаюза, зняла санкцыі з Беларусі.
“Калі казаць шчыра, то швейцарскія бізнесмены не зусім зацікаўлены ў бізнэсе на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта можа нават сказаць той факт, што ў Беларусі існуе толькі аддзяленне амбасады. Вядома ж, на гэтыя адносіны паўплывалі і санкцыі, якія толькі нядаўна адмянілі”.
Усяго на тэрыторыі Гродзенскай вобласці дзейнічаюць шэсць арганізацый з удзелам швейцарскага капіталу. Агульны аб’ём замежных інвестыцый з Швейцарыі ў 2015 годзе склаў каля 12 млн долараў.
Кажучы пра сферу правоў чалавека, дыпламат адзначыў, што Швейцарыя рэгулярна адсочвае становішча ў Беларусі і гэтыя моманты абмяркоўваюцца ў дыялогу паміж дзяржавамі.
У Беларусі на чэрвень 2016 года пражывалі 20 прадстаўнікоў Швейцарыі, а вось беларусаў, якія па розных прычынах жывуць у Швейцарыі, афіцыйна каля тысячы.
Яшчэ Паскаль Эбiшэр закрануў тэму беспрацоўя: яго здзівіў той факт, што афіцыйна ў Беларусі ўзровень беспрацоўя складае ўсяго 1%. Але вось у размове са звычайнымi гарадзенцамі і прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацый, склалася ўражанне, што колькасць беспрацоўных значна вышэй.
Дыпламатычныя адносіны Беларусі і Швейцарыі пачаліся пасля развалу Савецкага саюза, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Тыя адносіны ў асноўным датычылі дапамогі пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама на дзейнасці Чырвонага крыжа.
Швейцарскае прадстаўніцтва дзейнічае ў Беларусі з 2007 года, аднак тавараабарот паміж краінамі складае ўсяго крыху больш за 200 мільёнаў еўра ў год, прычым у асноўным гэта імпарт са Швейцарыі ў Беларусь.