Пакуль у Гродне забараняюць, у Вільні раяць, як зрабіць лепш

|

Забароны ў гарадскім асяроддзі сталі для нас звыклаю справай. Перакрэсленыя чырвоным колы і надпісы з клічнікамі ледзь не на кожным кроку папярэджваюць аб тым, чаго рабіць нельга. А вось у Вільні вырашылі пашукаць іншы шлях. Па рашэнню ўладаў горада замест забараняльных знакаў тут усталявалі інфармацыйныя шыльды з парадамі, як лепш паводзіць сябе ў пэўных месцах.


Што нельга рабіць у Гродне, нагадваюць шматлікія знакі – як усталяванай формы, так і ўласнага дызайну розных “адміністрацый”:

 

 

Віленскі дыялог з жыхарамі і гасцямі горада ад нядаўняга часу выглядае інакш. З ініцыятывай аб выкарыстанні знакаў з парадамі наўзамен забаронаў выступіў кіраўнік горада, Рэмігіюс Шымашус. На сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook ён паведамляе, што Вільня стала першым горадам без забаронаў, а правілы паводзінаў ад гэтага часу будуць падавацца максімальна добразычліва.

 

 

Яго меркаваннем, пазітыўныя парады на шыльдах будуць больш інфарматыўнымі, чым забараняльныя знакі. Напрыклад, у месцах, дзе нельга ужываць алкаголь, будзе размяшчацца шыльда з надпісам “Зона цвярозасці”. Піктаграма на знаку ўтрымлівае шклянку з моркаўкай і знак “0 праміле”. Месцы, дзе раяць не паліць будуць адзначаны знакам “Зона без дыму” з выявай разарванай цыгарэты.

 

 

 

Шыльда “Пляж для хатніх жывёлаў” мае выяву сабакі, што плыве па хвалях. Яшчэ адзін знак для гаспадароў хатніх жывёл і іх гадаванцаў – “Зона бяспечных шпацыраў”.

 

 

Зараз у літоўскай сталіцы ўжо ўсталявана каля паўсотні добразыслівых знакаў. Да канца года іх колькасць павялічыцца яшчэ на 200.