З інваліднага вазку на круты хэндбайк: адзін дзень нязломнага Сашы Аўдзевіча з Ліды

|

Лёс Сашы Аўдзевіча цікавы і багаты на падзеі. З самага дзяцінства лідскі хлопчык быў сапраўдным жыццялюбам, вельмі любіў камунікаваць з людзьмі, таму ўжо ў юнацтве меў шмат сяброў, знаёмых і дзяўчынак. Аляксандру падабаўся добры гумар і адчуванне жыцця па максімуму праз разнастайныя экстрэмальныя самавыпрабаванні.

Таленавіты хлопец выпрабоўваў сябе і ў адукацыі. Шукаў працу як у Беларусі, так і за мяжой, у выніку вельмі добра замацаваўся ў IT-сферы.

 

Захапленне экстрымам нечакана спынілася пасля аварыі на хуткасным матацыкле ў 2011-ым. Пасля трагічнай падзеі Саша Аўдзевіч стаў інвалідам-вазочнікам…

  

Першыя гады пасля аварыі былі сапраўдным жахам: хлопец нават спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, а пазней яшчэ і меў сур’ёзныя праблемы з законам. Аляксандр апынуўся на паўдарогі да турмы і амаль не згубіў жыццё, а потым волю, сваю і роднага чалавека, ён пачаў разумець яе каштоўнасць.


З часам прыйшло і разуменне таго, што існуюць шмат шляхоў здзяйснення мараў і дасягнення адчування неабмежаванасці ды свабоды, якія не супярэчаць законам.

Зразумець гэта Сашы дапамаглі ўпартасць у дасягненні мэтаў. Разам з тым прыйшло разуменне, што вазочнікі ды ўвогуле інваліды – зусім не бездапаможныя людзі.

Спачатку было знаёмства з людзьмі з Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, паездкі ў лагер актыўнай рэабілітацыі, потым – рэгістрацыя Лідскай міжраённай арганізацыі. Арганізацыя патрабавала займацца грамадскай працай, якая пераважна была накіраваная на стварэнне адпаведных умоваў гарадскога асяроддзя для жыхароў з абмежаванымі магчымасцямі. Вынікам гэтай дзейнасці стаў асобны пакой са спецыялізаваным трэнажорным абсталяваннем для інвалідаў-вазочнікаў. А яшчэ – наяўнасць спецыяльнага электрычнага пад’ёмніка ў басейне”Алімпіец” у Лідзе. Наступнае дасягненне – з’яўленне прыстасаванняў для бесперашкоднага заезду і выезду вазочнікаў з дому і з некаторых установаў ды крамаў.

 

Упэўніўшыся, што вера ў сябе, фізічная актыўнасць і камунікацыя з людзьмі граюць вялізарную ролю ў паляпшэнні жыцця інвалідаў-вазочнікаў, АляксандрАўдзевіч пачаў ствараць больш маштабную віртуальнуюпадтрымку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Беларусі.

Вёў блог invalida.by ды здымаўся ў матывацыйным фільме пра сваё падарожжа на хэндбайку з Ліды да Балтыйскага мора «2000 абаротаў». Спачатку самому Сашы здавалася гэта немагчымым. Але ён паспрабаваў і нават змог атрымаць грант ад Амбасады Злучаных Штатаў у Беларусі на праектную працу. Сродкі былі прызначаныя ў тым ліку на здымкі цыклуматывацыйных перадачаў “Не губляйся! Паспрабуй!”: у іх распавядаецца, як людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць здзяйсняць свае мары.

 

Каб выправіцца ў больш далёкія, цікавыя і пазнавальныя міжнародныя вандроўкі з асвятленнем іх у медыях у межах праекту “Беларусіянін”, Саша назбіраў празкраўндфандынг і з дапамогай спонсараў 6 тыс. еўраў. Яны пайшлі на набыццё хуткага, якаснага і камфартабельнага амерыканскага ручнога ровара.

 

На дадзены момант Саша рыхтуецца да хэндбайк-падарожжа па Еўропе, таму кожны дзень накручвае на сваім новым жалезным кані па некалькі дзясяткаў кіламетраў.

 

Крыніца: belsat.eu

 

“Жыццё ў прапанаваных абставінах”. Саша Аўдзевіч расказвае пра падарожжа да Балтыкі на хэндбайку