“Чайка” – камедыя. А дзе смяяцца? Як гарадзенскім аматарам сцэны прафесійна паглядзець прэм’еру
Прэм’ерныя паказы адбудуцца праз месяц, 16 і 17 ліпеня. Варта паспяшацца набыць білеты, бо іх ужо зараз засталося няшмат.
“Алег Алегавіч, а можа не трэба?”
“Перачытала п’есу тройчы і не ўбачыла камізму”, – узгадвае Марыя Шабашова, дырэктарка тэатра. Бо чытаць старалася вачыма “абывацеля”, звычайнага чалавека, што прыйдзе ў тэатр. “Першае, што запытала ў рэжысёра: “Алег Алегавіч, а можа не трэба – ”Чайку”? Можа возьмем што прасцейшае? Ёсць жа што ставіць!” Але Жугжда сказаў: “Будзе “Чайка”. Маўляў, даўно ёсць на гэты конт пэўныя ідэі.
Паводле Жугжды, “кепскі той рэжысёр, што не хоча паставіць “Чайку”. Гэта прыкладна той узровень памкненняў, што сыграць Гамлета для актора ці стаць генералам для салдата. Зараз, на думку рэжысёра, акурат той момант, калі да твора даспелі ўсе: “Час надышоў, і трэба было ставіць”.
“Нічога не прыдумалі. Усё як у жыцці”
Магчымасць зразумець камізм Чэхава зараз ці не большая, чым калі-небудзь раней – гэта думка часта гучыць у разважаннях актораў. Яны кажуць, што камічнай сітуацыю робіць яе пазнавальнасць.
“Вось шэраговы чалавек раптам пачынае рабіць з сябе чорт ведае што, шукае нейкай велічы, – разважае Тамара Корнева. – Звычайны ж чалавек – дык чаго ты выпендрваешся? Жыві, як Бог паслаў. А тут – сядзяць усе ў сваім балоце і “велічных” з сябе строяць”. У гэтым, яе меркаваннем, адначасова месціцца і трагізм, і камізм сітуацыі: “Самі сабе ствараюць трагедыю, замест таго, каб пасмяяцца і жыць далей”.
“Пьеса вельмі нагадвае сучаснае жыццё закрытых суполак. Кожны пра кожнага ўсё ведае, але лічыць патрэбным гэтага не паказваць. За спіной чалавека будуць абмяркоўваць, а калі ён з’явіцца, то зробяць выгляд, што “усё нармальна” і будуць паводзяць сябе нібы нічога не адбылося. У “Чайцы” таксама – героі ўвесь час гуляюць ва “узаемныя хованкі” – звонку такое назіраць заўжды смешна. Нібыта, калі хавацца і старанна не звяртаць увагі на рэчаіснасць, то яна цябе не будзе тычыцца. Гэтыя “хованкі” ад сябе набываюць асобы сэнс у пастаноўцы тэатра лялек, – разважае Іван Дабрук – Мы таксама ўвесь час хаваемся – за лялькамі. Гэта ўзмацняе эфект”.
“Чайку” не хочуць лічыць камедыяй, бо для герояў нічога камічнага ў дзеі няма. Для іх – усё сур’ёзна, – кажа літаратурная рэдактарка Ганна Фартальнова. – Лёсы разбураныя, каханне непадзеленае… А нам, гледачам, можа быць забаўна на гэта пазіраць, бо яны смешныя часам у сваён інфантыльнасці. Асабліва спадар Трэплеў-Траплёў, ці вечная “пакутніца” дама ў чорным”.
Да таго ж тэатр лялек здольны дадаць п’есе “мілыя ноткі абсурду”. Напрыклад – наўпрост абыграць, што Трыгорын гэта рыба. “Вось проста літаральна – дастаць рыбіну з тазіка, – смяецца Ганна, – ці вынесці на сцэну велізарную чайку”.
“Напэўна, камічнасць спектакля ў самой сітуацыі, у тым стаўленні чалавека да жыцця, калі ўсё падначалена дасягненню нейкай міфічнай мэты, а жыццё тым часам праходзіць міма”, – кажа Марыя Шабашова. Гэта пазнавальная “трагедыя”, калі “я ўсё жыццё аддала”, а ў выніку нічога, збоку можа выглядаць смешна.
“А ў жыцці як адбываецца? Тут ні Чэхаў ні Жугжда нічога новага не прыдумалі, – паціскае плячыма ў адказ на пытанне Ларыса Мікуліч. – Мы проста максімальна наблізіліся да рэчаіснасці, пакінуўшы гледачу самому зрабіць выснову – што камічна, а што трагічна”.
У п’есе, як у жыцці, гора і радасць, смех і слёзы, увесь час ідуць побач, разважае акторка, гэта і ўтварае “жыццёвую камедыю”. Што да азначэння “Чайкі” як камедыі, то, абраўшы такі жанр, аўтар, верагодна, сыходзіў з жыццёвай сітуацыі: “Так захацеў Чэхаў. Гэта яго выбар. Паводле п’есы сітуацыя, дзе кожны асобны чалавек глыбока няшчасны – камедыя. Ён так захацеў. Навошта аўтара перарабляць?”.
“Мы стараліся знайсці той камічны па Чэхаву элемент, бо ен сцвярджаў, што гэта камедыя. Стараліся рабіць, каб было смешна і разам з тым трагічна”, – узгадвае Алег Жугжда. Што да размеркавання роляў, то “ўсе яны вельмі добра падышлі да нашых актораў, што, мабыць, таксама неспраста”.
Спектакль, які захочацца абмеркаваць
“Гэта не той спектакль, пасля якога выйшаў, сказаў “ну, нармальна” і забыўся”, – разважае дырэктарка тэатра. Пастаноўка, на яе думку, стане нагодай для размоваў і абмеркаванняў, для прагляду другі і нават трэці раз – бо з кожным разам ёсць шанец адкрыць для сябе новую глыбіню драматычнага твора. “Жыццё шматграннае, усе яго праявы варта цаніць, як каштоўнасць” – такую думку пакідае гэта вонкава трагічная камедыя.
Што да непазбежнай для “Чайкі” рызыкі “як успрыме глядач”, дырэтарка толькі ўсміхаецца: “Я цалкам давяраю рэжысёру і мастаку, мне вельмі падабаецца, як акторы ў спектаклі працуюць”. Да таго ж у гэтым спектаклі, зазначае Марыя, акторы-лялечнікі маюць “вялікі шанец паказаць сябе і драматычнымі акторамі”.
Што да “канчатковага” выгляду спектаклю, то напярэдадні прэм’еры пра гэта гаварыць яшчэ рана, бо пастаноўка заўжды “шліфуецца на рэакцыі залы”, – распавядае дырэктарка. “Акторы многае бяруць ад гледача. Калі адчуваюць, што пэўныя эпізоды лепш ідуць, з цягам часу яны ўзмоцняцца, тыя, што водгуку не мелі, могуць наадварот – згладзіцца”. Такім чынам, публіка заўсёды сутворца спектакля, а блізкая прэм’ера – добрая нагода спрычыніцца да “крышталізацыі” гарадзенскай “Чайкі”.
Здымкі аўтаркі