“Кардонны горад” пабудуюць на АРТ-Пікніку ў Велесе
“Гэтым разам горад можна будзе не толькі размалёўваць, але і даследаваць – прабрацца ўсярэдзіну канструкцый і прайсці праз скрозь лабірынты і тунэлі” – расказвае Рыма Ушкевіч, кіраўнічка Дзіцячай экастудыі. Яе меркаваннем, для ўзвядзення дзіцячых гарадоў кардон пасуе як найлепш: “Гэта дзіўны і практычны матэрыял! З яго можна зрабіць амаль усё, што прыходзіць на розум. Што вельмі важна, матэрыял экалагічны па сутнасці – гэта перапрацаваная папера, якая, у сваю чаргу, можа быць паўторна перапрацаваная. Нам вельмі падабаецца кардонная творчасць!”
Забяспечыць дзіцячую творчасць пяціслойным кардонам узялася фірма ЛайтПакСервис, што прадукуе кардонную ўпакоўку. “Кампанія адгукнулася на просьбу і проста падарыла нам матэрыял, якога хопіць для нашых смелых ідэй”- распавяла Рыма Ушкевіч.
Адрозненнем новага горада ад леташняга стане “глыбіня пагружэння” ў часе. Мінулым годам дзеці размалёўвалі даўнія, але знаёмыя гарадзенскія будынкі. Сёлета наведвальнікаў чакае больш старажытны перыяд. А замест забаўляльнага прадстаўлення гасцей чакае невялікі квэст, дзе кожны ўдзельнік зможа адчуць сябе сапраўным героям.
Апроч дзіцячай забавы ў “кардоннага горада” ёсць і цалкам дарослыя сур’ёзныя мэты, распавядае кіраўнічка Дзіцячай экастудыі: “Найперш, гэта прасоўванне эка-прыязнасці сярод гродзенскіх сем’яў, а таксама правядзенне сацыяльнай акцыі па збору сродкаў для лячэння і рэабілітацыі хворых дзяцей”. Гэта, меркаваннем Рымы, цалкам супадае з ідэямі АРТ-Пікніка – пляцоўкі, дзе для кожнага створаны роўныя магчымасці, каб весела і карысна бавіць час і адначасова – дамапагчы дзецям, што сутыкнуліся з анказахворваннямі.
Завітаць ў “Кардонны горад” можна 19 чэрвеня ад 12.30. Заезд на пікнік-базу “Велес”, дзе будзе праводзіцца АРТ-Пікнік, пачынаецца ад 10.30.
“Велес” знаходзіцца недалёка ад вёскі Бакуны. Праехаць на пікнік-базу можна ад аўтавакзала аўтобусам ці маршруткай
Альбо цягніком Гродна-Брузгі.
На аўтамабілі трэба выязджаць з горада па трасе ў накірунку Брузгоў, ехаць праз Каробчыцы, пасля Доміка Рыбака – збочыць леваруч на гравійку.