Чэмпіёнка Беларусі папулярызуе ў Гродне слалом на роліках

|

Гэты від спорту зарадзіўся ў Францыі, а ў Беларусь прыйшоў ў пачатку ХХІ стагоддзя. Тады не знайшлося шмат жадаючых ім займацца, пераважна людзі проста каталіся на роліках дзеля задавальнення. Але апошнім часам слалом набірае папулярнасць – праводзяцца чэмпіянаты Еўропы і свету. Васіліса – адна з тых, хто прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне.


“Займацца слаломам я стала шэсць гадоў таму. Атрымалася ўсё выпадкова. Пачаткова я купіла сабе канькі і каталася зімой, потым набыла ролікі. З часам проста ездзіць стала сумна і я ўбачыла ў інтэрнэце відэа, як можна катацца. Паспрабавала, хутка атрымалася, мой узровень значна палепшаўся. Тады я вырашыла набыць першыя паўпрафесійныя ролікі. Потым я выступіла на першых спаборніцтвах у Мінску, мяне заўважылі і ўзялі на спонсарства. Вось маё хобі перарасло ў сур’ёзны занятак, без якога я ўжо не ўяўляю свайго жыцця”.


 

Фрыстайл слалом мае дзве дысцыпліны: класічнае выступленне і батл. Сутнасць першай – пад музыку станцаваць на роліках вакол конусаў. Другі від адлюстроўвае тэхнічны бок спорту, дзе галоўнае – зрабіць складаныя элементы на адным коле або звязку (спалучэнне некалькіх элементаў на адной дарожцы з конусаў).

 

 

У Гродне слаломам на сур’ёзным узроўні займаецца толькі Васіліса і каб паехаць на міжнародныя спаборніцтвы ёй патрэбныя вялікія грошы. У гэтым ёй дапамагае мінская крама “Стыхія”, якая прасоўвае экстрэмальныя віды спорту. Напрыклад, прафесійныя ролікі для слалама каштуюць ад 700 долараў.

 


“Для мяне слалом гэта натхненне, творчасць і самаразвіццё. Спорт вельмі незвычайны, бо ў ім злучаны многія элементы іншых відаў спорту. Напрыклад, танца і фігурнага катання. Катаючыся, я адчуваю сябе шчаслівай. Узровень слаламiстаў у Еўропе вышэй, чым у Беларусі, аднак і мы не стаім на месцы. Няхай слаламiстаў, якія могуць скласці канкурэнцыю замежнікам, няшмат, але ён яны ёсць. Мы з кожным годам прагрэсуем і ў нас ёсць будучыня”.


 

Зусім нядаўна ў Мінску прайшоў чэмпіянат рэспублікі, дзе Васіліса ў чарговы раз даказала, што яна лепшая ў краіне і заваявала два медалі.


“Зацікаўленых людзей у Гродне хапае, але выбіваюцца ў прафесіяналы нямногія. У Пышках, каля танцпляцоўкі, мяне лёгка знайсці: я рэгулярна праводжу майстар-класы па катанні на ролікавых каньках. Калі хто-небудзь захоча паспрабаваць свае сілы ў новым для сябе спорце, то я запрашаю. Лепш адзін раз паспрабаваць, чым сто разоў убачыць”.