“Кронан і Вітаўт складаныя, а вось Губерт падыходзіць”. У Гродне прыдумалі імя маленькаму тыграню

Нагадаем, у маі ў наведвальнікаў заапарка была магчымасць прыдумаць імя аднаму з маленькіх тыграў, якія нарадзіліся ў пары Шэрхана і Тайгі. З усіх прапанаваных варыянтаў, жывёле ніводны не падыходзiў.

 

У Гродзенскім заапарку нарадзіліся маленькія амурскія тыгры (мімімішнае відэа)

 

“Нам вельмі хацелася каб імя было ганарлівым і гучным, бо наш малы – будучы тыгр-самец. Таму такія імёны як Пусiчка-лапусiчка, Iгрык, Шустрык, Паласацік, Пушысцік, Прыгажунчык, Лакамка і г.д. у разлік не прымаліся. Імёны Сімба, Лео, Барс, Алекс, Зубраня, Мішутка, Мурзік, Шарык – больш прыдатныя іншым жывёлам, таксама адразу адсявалiся. Тэрмінатар, Прывітанне і, асабліва, Джыгурда – проста павесялілі. А вось такія прыгожыя імёны як Байкал, Амур і Піцер не падыйшлі таму, што былі недастаткова “гарадзенскімі”. З усіх прапанаваных варыянтаў больш за ўсё спадабаліся імёны Кронан і Вітаўт, але яны, на жаль, апынуліся цяжкiмi ў вымаўленні”.

 

Пасля доўгіх спрэчак аказалася, што гарадзенцы прапаноўвалі імёны і на сайце заапарка. Самае прыгожае на думку супрацоўнікаў заапарку імя прапанаваў Сяргей.


“Добры дзень! Вельмі ўзрадаваўся выдатнай навіне !!! Ура !!! Прапаную назваць тыграня Губертам, у гонар Святога Губерта, які наўпрост звязаны з нашым горадам. Ну і як па мне, Хельга і Губерт вельмі гармануюць! Поспехаў і здароўя тыгранятам!” – такі камент пакінуў на сайце Сяргей.

 

Нягледзячы на тое, што Сяргей не прымаў удзелу ў конкурсе “Імя для тыграня” (па ўмовах конкурсу трэба было прыйсці ў заапарк і апусціць картку з імём у скрыню), яго варыянт палічылі лепшым.

 

Бацькі тыгранят прыехалі ў Гродна з Расіі. Тайга – з Пензы ў 2011 годзе, Шэрхан – з Іжэўска ў 2012. Іх пазнаёмілі ў студзені 2013 года. А праз тры гады, 9 красавіка 2016 года, у заапарку з’явілася папаўненне.

 

Ужо вядома, што маленькiя тыграняты Хельга (імя прыдумалі супрацоўнікі) i Губерт у будучыні ў Гродне не застануцца. Пасля таго, як ім знойдуць пару, яны па праграме ЕАРАЗА (Еўраазіяцкая асацыяцыя заапаркаў і акварыўмаў) адправяцца ў іншыя заапаркі.