Пашкоджаныя ветрам вежы гарадзенскіх храмаў хочуць аднавіць як мага хутчэй

|

Нагадаем, моцны вецер, які прайшоў у Гродне 17 чэрвеня, ламаў не толькі дрэвы, але і розныя пабудовы. З-за непагоды пацярпелі і два гарадзенскія храмы. 

 

Пастар Лютэранскай кірхі Уладзімір Татарнікаў адразу заўважыў пашкоджанне і ў найбліжэйшай будучыні плануе заняцца аднаўленнем.


“Пакуль складана ацаніць наступствы ўрагану. Але ўжо відаць, што галоўны шпіль не змог вытрымаць такога ўдару. На наступным тыдні мы будзем звяртацца ў будаўнічую арганізацыю, якая ў мінулым годзе ўсталёўвала шпіль і крыж. Хай яны зробяць заключэнне і прымуць рашэнне аб умацаванні шпіля і крыжа”.


 

Як аказалася пазней, на кірсе быў пашкоджаны не толькі шпіль з галоўным крыжом. Таксама пашкодзіўся і маленькі крыж на адной з вежаў-пінакляў.

 

Пробашч Бернардынскага касцёла Антоні Ханька распавёў, што пасля навальніцы да касцёла прыязджалі супрацоўнікі МНС, якія агледзелі вежу і ачапілі частку тэрыторыі.

 


“Пра здарэнне мы адразу паведамілі біскупу. Для нашага храма самае страшнае было ў 1941 годзе, калі згарэў дах і арган. А праблему, якая ўзнікла пасля нядаўняй навальніцы, можна выправіць. Пасля выходных пачнем ёй займацца”.


 

Рабочы, які ўзбіраўся на вежу каб паглядзець на пашкоджанні, распавёў, што марудзіць нельга.


“Нахілены не толькі крыж, але і сам шпіль. Час бярэ сваё, тым больш такая вышыня і вецер. Крыж упасці не павінен, а калі гэта адбудзецца, то ён проста павісне, бо яго ўтрымліваюць адцяжкі. Праца складаная, але рэальная. Будзем ставіць рыштаванні, бо да самога крыжа не падлезці. Для гэтага трэба расшываць бляху, адкрываць жалюзі і тады ставіць рыштаванні”.


 

Акрамя Лютэранскай кірхі і Бернардынскага касцёла сярод гарадзенцаў ходзяць чуткі і пра пашкоджанне крыжа на Францiшканcкiм касцёле. Але там атрымаць інфармацыю аб гэтым не ўдалося.