Спраўдзіць мару, зняць стрэс і здейсніць цуд. Навошта дарослыя вучацца маляваць

|

 

Паводле Каці, маляванне – добрая магчымасць для адпачынку, бо змена дзейнасці актывізуе іншыя чым звычайна ўчасткі мозгу. “Калі мы малюем, самыя “стомленыя” часткі нарэшце разнявольваюцца, бо працаваць пачынаюць іншыя. Гэта дазваляе зняць стрэс і дасягнуць больш гарманічнага стану”.

 

Што да навучання дарослых, то першы раз працаваць з такой аўдыторыяй мастачка паспрабавала ва Універсітэце Залатога Веку. “Для мяне гэта быў цікавы вопыт. Я ўсвядоміла, што многія дарослыя хочуць маляваць, але баяцца, што што ўмеюць і  не маюць магчымасці навучыцца. Працуючы са студэнткамі ва УЗВ зразумела – варта стварыць курс, куды б мог прыйсці любы дарослы”.

 

 

Узімку група большую частку заняткаў мела ў памяшканні. “На пачатку трэба было засвоіць арсенал розных тэхнік і прыёмаў, пазнаёміцца з фарбамі і спалучэннямі колераў, прайсці такую “акадэмічную” частку навучання”, – распавядае Каця. За гэты перыяд ужо спрабавалі рабіць хуткія скетчы, маляваць вугалем і белым алоўкам па чорным фоне, акварэллю па мокрым і па сухім і шмат чаго яшчэ.

 

 

“Зараз у нас летняя практыка – больш працуем на прыродзе. Пленэр – найлепшая магчымасць замацаваць атрыманыя навыкі і спраўдзіць свае магчымасці ў маляванні з натуры”, – расказвае мастачка. Яе навучэнкі тым часам малююць чыгуначны мост над Нёманам.

 

 

 

Вольга: перспектыва – тры альбомы чыстай паперы

 

“На прыродзе найбольш цікава злавіць размах, – дзеліцца ўражанняммі Вольга. – Атрымліваю ад таго велізарнае задавальненне, прыліў жыццёвых сілаў і пазітыўных эмоцый”. Яна распавядае, што марыла маляваць заўсёды, але так склалася, што спраўдзіць жаданне ўдалося толькі, калі выйшла на пенсію.

 

 

Працавала Вольга галоўнай бухгалтаркай: “Увесь час лічбы, адказнасць, напружанасць – не да творчасці было”. Зараз, кажа, усё інакш: “На кожны занятак бягу з радасцю, а потым, натхнёная, імчу дадому”. Самым важным у працэсе яна называе задавальненне ад малявання, ад добрай кампаніі і прафесійнага навучання.

 

На думку Вольгі, малюнак гэта не проста фіксацыя аб’ектыўнай рэальнасці – тут раскрываецца душа. Таму на паперы ўдаецца захаваць не толькі ўласна пейзаж ці прадмет, але і свой настрой. Потым, калі разглядаць малюнкі, можна вярнуцца ў той стан, настроіцца і нават атрымаць зарад энергіі. Таму паспрабаваць сябе ў малюнку варта ўсім, мяркуе яна.

 

 

Яна не збіраецца пакідаць жывапіс пасля навучання: “У мяне яшчэ тры альбомы частай паперы!” Кажа, знаёмыя як пабачылі плён працы, пачалі дарыць прылады для мастакоў – фарбы, альбомы, пэндзлі – такая падтрымка натхняе.

 

Лена: “Малюю для сябе”


Прыйсці вучыцца маляваць яна захацела, пабачыўшы карціны Вольгі. “Натхнілася і зразумела – я таксама хачу маляваць”. Прышла на заняткі адразу, не адкладаючы да пенсіі. Лена кажа, што малюе найперш “для сябе”, а “персанальныя выставы” ладзіць дома. “Раскладваю некалькі работ побач і разглядаю – вось гэта добрая, а тут так сабе, а такое зараз ужо магу лепш”, – узгадвае яна.

 

 

Каця зазначае, што праглядаць свае работы карысна, каб параўноўваць “сябе з сабой”. “Асабліва ў моманты калі падаецца, што нічога не атрымліваецца, варта прагартаць старыя работы – адразу пабачыш свой прагрэс, ацэніш, як змяніўся ўзровень. А параўноўваць сябе з іншымі – шлях тупіковы. У кожнага свой характар, бачанне свету і манера маляваць”

 

 

 

Наташа: “Раней глядзела і зайздросціла, а зараз сама малюю”


Наташа маляваць хацела даўно. Калі бачыла, як людзі малююць, то глядзела і ціха зайздросціла. Хадзіла на выставы, каб дакрануцца да творчай атмасферы. Спробы навучыцца маляваць рабіла ўвечь час – то па кніжках, то па “размаляванках” для дарослых ці іншых дапаможніках. Таму заўсёды купляла фарбы, гелевыя асадкі і каляровыя алоўкі – каб выразіць сябе праз розныя тэхнікі. Але паказваць свае работы знаёмым саромелася, лічыла іх недасканалымі.

 

 

Калі даведалася пра студыю, дзе навучаюць дарослых, пайшла без ваганняў – гэта быў шлях да мары маляваць “па-сапраўднаму”. ”Вучыцца ад выкладчыка зусім інакш – Каця ўсё так зразумела тлумачыць і паказвае. І калектыў вельмі творчы. У такой атмасферы многае “само прыходзіць”, яшчэ больш хочацца маляваць”.

 

 

Зараз Наташа ужо не баіцца казаць знаёмым, што займаецца маляваннем і нават стала паказваць працы. Многія здзіўляюцца, маўляў, здорава, не думалі, што ты так можаш.

 

А Наташа і сама да гэтай пары ставіцца да малявання як да пэўнай магіі: “Калі на двухмерным аркушы атрымліваецца стварыць трохмерную выяву, адчуваю, што я  чараўніца,  я – мастак!”

 

 

Наста: стала “крутой мамай”, што малюе па начах


Наста распавядае, што вучылася маляваць яшчэ ў дзяцінстве – наведвала мастацкую студыю. А вось у дарослым жыцці вярнуцца да любімага занятку доўга не атрымлівалася: “Штогод праглядала аб’явы і рэкламы. Шукала, мо якая мастацкая школа будзе рабіць набор для дарослых аматараў малявання, але нічога не траплялася”.

 

 

Наста кажа, што больш за ўсё ёй падабаецца маляваць “як трэба”, у акадэмічнай манеры. Каб усё было правільна выстаўлена і тэхнічна дакладна. Найбольшыя кампліменты сваім працам атрымлівае ад сыноў: “Мама, гэта крута!” – чуе яна ад старэйшага, катораму ўжо чатыры гады, а што кажа малодшы, паўтарагадовы, пакуль яшчэ не вельмі зразумела, але дакладна – малюнкі яму падабаюцца.

 

Кожны раз яны чакаюць новых маміных карцінак, і самі таксама любяць памаляваць разам з ёй. “Праўда ў гэтым разе да ўласнай творчасці не даходзіць. Сама дома малюю, толькі паклаўшы іх спаць”.

 

 

Зараз ёсць шмат магчымасцяў вучыцца маляваць добра, кажа Каця. Добра, калі спалучаецца і маляванне “з карцінкі” і праца на натуры, самастойныя спробы і праца з выкладчыкам.

 

 

Пад час пленэраў часта падходзяць мінакі, цікавяцца працамі. Нехта ўзгадвае, што і сам калісці маляваў, іншыя спрабуюць даваць парады, пачынаюць “вучыць”. Гэта, паводле Каці, сведчыць, што маляванне не пакідае людзей раўнадушнымі. І добра калі так – варта паспрабаваць сябе ў гэтым. Малюнак – акурат тая дзейнасць, дзе прыкладзеныя высілкі заўжды даюць вынік.

 

 

Асабліва карысна навучанне ў групе, бо тут “ёсць адчуванне супольнасці і падтрымкі”. “Заўважаю, што ў сяброўскай атмасферы лягчэй нейкія “мастацкія чакры” раскрываюцца, – жартуе Каця. – Бо асабліва спачатку, калі людзі працуюць паасобку, могуць напружваца ад няўпэўненасці, заціскацца. Калі ж побач такія самыя пачаткоўцы, то абстаноўка больш вольная, прыязная, нават руку паставіць прасцей”.

 

 

Здымкі аўтаркі