“У Гродне я зарабляю менш, але жыву лепшым жыццём”. Як амерыканец прамяняў Штаты на Беларусь

|

“Калі прыляціць бацька, то пакажу яму Фарны касцёл і Каложу”

 

Каб даказаць каханне да сваёй любай, Брэнт у 2015 годзе прыляцеў у Гродна на вучобу ў летняй школе рускай мовы ГрДУ. Менавіта ў Беларусі амерыканец зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. Неўзабаве маладыя пажаніліся.


“Калі мы даведаліся, што ў нас будзе дзіця, мы доўга вырашалі, дзе будзем жыць. У нас быў выбар: калі не спадабаецца ў Беларусі, паедзем у Штаты. Але з часам аказалася, што ў Беларусі лепш, чым я чакаў. Можна сказаць, я палюбіў Гродна”.

 

Вялікую ролю ў выбары месца пражывання мелі ўмовы дэкрэтнага адпачынку: у Штатах жанчына вяртаецца на працу праз шэсць тыдняў пасля родаў, у Беларусі ж можа даглядаць дзіця нават тры гады. А для Брэнта галоўнае было, каб яго дзіця больш часу праводзіла з мацi.

 

Фота з асабістага архіву Брэнта


“Мне спадабаўся Гродна, бо тут шмат гісторыі. Гарады ЗША зусім маладыя, там няма таго, што ёсць у Гродне. Хутка да нас у госці прыляціць мой бацька, я яму пакажу ў першую чаргу Фарны касцёл, Каложу, таксама мы паедзем у Мірскі і Нясвіжскі замкі”.


“У параўнанні са Штатамі – Беларусь вельмі танная краіна”

 

Брэнт кажа, што большасць людзей у Амерыцы нават і не ведае пра Беларусь як асобную краіну. Многія думаюць, што гэта горад у Расіі. Але, пажыўшы ў Гродне, Брэнт пераканаўся, што Беларусь – цалкам асобная і стабільная краіна, якая яму падабаецца.


“У параўнанні са Штатамі, Беларусь вельмі танная краіна. Я працую ў Гродне мэнэджарам па продажах і маркетынгу і атрымліваю менш грошай, чым у Амерыцы, але жыву лепшым жыццём”.


Фота з асабістага архіву Брэнта

 

Брэнт імкнецца часта бегаць па маляўнічых мясцінах Гродна. Адно з любімых яго месцаў – Нёман. Для амерыканца, які жыве ў Гродне ўжо год, самае дзіўнае тое, што на вуліцы ніхто яму не ўсміхаецца ў адказ і не кажа “прывітанне”, як гэта прынята рабіць за акіянам.


“Ты лепшы за нашага кватэрбэка, далучайся”


“Многія ўяўляюць амерыканцаў тоўстымі і лянівымі, але мне падабаецца ламаць гэтыя стэрэатыпы: я сапраўдны амерыканец і я люблю спорт”.

 

Брэнт не толькі бегае раніцай. Пасля пераезду ў Гродна ён стаў членам аматарскай каманды па баскетболе, а потым наогул трапіў у каманду па амерыканскім футболе.

 

Брэнт і галоўны трэнер “Варвараў” Аляксей Серабракоў

 

Знаёмства Брэнта з “Варварамi” прайшло на Фестывалі нацыянальных культур. Амерыканец далучыўся да футбалістаў і паказаў, што ўмее добра пасаваць. Тады яму сказалі: “Брэнт, ты лепшы за нашага кватэрбэка, далучайся”.


“Калі я вучыўся ў школе, то гуляў за школьную каманду і быў там прымаючым. Узровень беларускіх каманд – такі ж як у добрых каманд у старэйшай школе ЗША. Але вось узровень каледжа ўжо нашмат вышэйшы”.


align=”” width=”725″ height=”544″ >

Амерыканец у дэбютным матчы супраць віцебскіх “Рысяў”

 

Брэнт лічыць, што гарадзенскай камандзе ёсць да чаго імкнуцца і ён паспрабуе ім у гэтым дапамагчы.

 

За “Варвараў” амерыканец правёў ужо гульню. Тады гарадзенцы прайгралі лідару чэмпіянату – “Рысям”. Брэнт не хвалюецца з-за няўдалага дэбюту і ўжо з нецярплівасцю чакае чарговай гульні, дзе ён зможа вярнуцца ў свае школьныя гады і паказаць, на што здольны.